Лявон Вольскі спыніць канцэрт, калі на ім будзе «хапун»
- 18.03.2008, 10:46
Дваіх гомельскіх актывістаў апазіцыі затрымалі ў суботу на абсалютна легальным канцэрце гурта N.R.M., які праходзіў у мясцовым Доме культуры.
32-гадовага Кастуся Жукоўскага скруцілі адразу чатыры чалавекі — два міліцыянты і два чалавекі ў цывільным, калі той на ўваходзе ў залу раздаваў улёткі з інфармацыяй пра Беларускую Народную Рэспубліку. Затрымалі таксама 21-гадовую дзяўчыну — Марыю Тульжанкову. Усе выходныя актывісты правялі ў следчым ізалятары.
У суботу жонка Кастуся Жукоўскага Алена дазналася, што яе муж абвесціў галадоўку:
У суботу падвозіла цёплыя рэчы і ізалятар і міліцыянт сказаў, што Кастусь абвесціў галадоўку і напісаў адпаведную заяву. Кожны раз, як ён трапляе за краты — абвяшчае галадоўку. Трэці раз ужо, паведамляе «Радыё Рацыя».
Актывістаў вінавацілі ў дробным хуліганстве, суд прызначылі на сёння, 17 сакавіка. Паплечнік Кастуся Жукоўскага Андрусь Цянюта ад восьмай раніцы чакаў ля будынку суда Цэнтральнага раёна Гомеля. Кастуся і Марыю прывезлі бліжэй да дванаццаці і ўжо праз 20 хвілін абвесцілі прысуд.
Тульжанкову адпусцілі, прысудзіўшы штраф памерам 10 базавых велічынь, гэта амаль 170 долараў. Такі самы штраф далі і Жукоўскаму, але выправілі назад у турму — на 14 сутак.
-- Прывялі іх у суд, нібы як злачынцаў, хоць судзілі за дробнае хуліганства. Кастусь Жукоўскі будзе працягваць галадоўку ў знак нязгоды з прысудам. Выйдзе на волю ён якраз 26 сакавіка — абсалютна зразумела, што яго затрыманне звязана з акцыяй на Дзень Волі, — лічыць Андрэй Цянюта.
Што тычыць гурта N.R.M, то ў бліжэйшыя дні ён мае адыграць вялікія сольныя канцэрты яшчэ ў Мінску, Брэсце і Гродне. Лідэр гурта Лявон Вольскі кажа, што падчас гомельскага канцэрту не бачыў, каб кагосьці затрымлівалі, і вельмі здзівіўся, калі дазнаўся пра гэты інцыдэнт. Музыка кажа, калі здарацца затрыманні на яго выступе, то ён адразу спыніць канцэрт:
-- Затрыманняў у Гомелі я са сцэны не бачыў, ужо пасля канцэрта пра гэта дазнаўся. Дзеянні праваахоўных органаў абсалютна нелагічныя, ізноў ствараецца такая дзікая сітуацыя. Мы заўсёды рэагуем на такія рэчы і будзем рэагаваць — калі такое здарыцца, будзем спыняць канцэрт і спрабаваць нармалізаваць сітуацыю.