BE RU EN

472 беларускія чыноўнікі могуць стаць неўязнымi ў Польшчу

  • 19.03.2008, 10:38

Польская няўрадавая арганiзацыя "Фонд Свабода i дэмакратыя" апублiкавала рапарт па вынiках даследаванняў палiтычных рэпрэсiй у Беларусi.

Дакумент перш за ўсё выклiкае цiкавасць тым, што ўтрымлiвае спiс дзяржаўных чыноўнiкаў, дзеячаў культуры, супрацоўнiкаў КДБ, МУС i нават радавых мiлiцыянераў, якiя, на думку аўтараў рапарту, спрычынiлiся да парушэння правоў чалавека ў Беларусi, паведамляе “Народная воля”.

Усяго ў спiсе 472 прозвiшчы. Тут iмёны рэктараў амаль усiх беларускiх ВНУ, з якiх па палiтычных матывах былi выключаны студэнты (У.Шымаў, П.Беспальчук, М.Батура i г.д.), амаль у поўным складзе трапiла ў спiс кiраўнiцтва Адмiнiстрацыi прэзiдэнта (Г.Нявыглас, Н.Пяткевiч, А.Рубiнаў...), пазначаны таксама беларускiя мiнiстры, супрацоўнiкi АМАПа, КДБ i МУС розных упраўленняў, старшынi выбарчых камiсiй i нават людзi культуры: Валер Раеўскi, Аляксей Дудараў, Барыс Луцэнка i iншыя. Супраць кожнага прозвiшча — тлумачэнне, у якiх парушэннях абвiнавачваецца асоба. Спiс апублiкаваны на iнтэрнет-старонцы wid.org.pl.

Даследчыкi палiтычных рэпрэсiй у Беларусi маюць намер звярнуцца да Мiнiстэрства ўнутраных спраў Польшчы з просьбай забаранiць пазначаным у рапарце беларусам уезд на тэрыторыю Польшчы.

— Працэдура гэтая доўгая, — кажа былы першы сакратар польскай амбасады ў Мiнску, супрацоўнiк "Фонду Свабода i дэмакратыя" Марэк Буцька. — Зразумела, што толькi на выснове нашага даследавання МУС Польшчы не зацвердзiць спiс неўязных беларускiх чыноўнiкаў. Абавязкова будзе праведзена нейкая дадатковая ўдакладняючая праца.

Акрамя таго, шмат у чым рашэнне МУС будзе залежаць ад агульнай палiтыкi Польшчы. Сёння ў кiруючую каалiцыю Польшчы ўваходзiць таксама Сялянская партыя, лiдэры якой заклiкаюць сябраваць з беларускiм рэжымам. Праўда, гэтая партыя знаходзiцца ў меншасцi i, трэба спадзявацца, не будзе ўплываць на агульнае рашэнне ўрада.

— Марэк, як узнiкла iдэя скласцi гэты спiс?

— Iдэя вынiкае i з польскай рэчаiснасцi ў тым лiку. Мы назiралi, як у Польшчы лiтаральна праз год-два людзi забывалiся пра iмёны тых, хто iх судзiў, збiваў на акцыях, звальняў з працы. Так i ў Беларусi. Падобны спiс у нейкiм сэнсе будзе гiстарычным дакументам. Трэба, каб людзi ведалi i разумелi, што яны адказныя за кожны свой учынак. Нi ўлада, на якую можна спiсаць свае дзеяннi, нi абставiны, а менавiта ты сам. I ты павiнен за гэта адказваць.

Акрамя таго, дадзены спiс далёка не поўны. Думаю, што ў спiс увайшло только 20 працэнтаў ад агульнай лiчбы тых, хто парушаў правы чалавека на Беларусi. Спiс на працягу года будзе папаўняцца. Мы перакладзём яго на англiйскую мову i будзем прапанаваць краiнам ЕС таксама забаранiць "дзеючым беларускiм асобам" уезд на тэрыторыю iх дзяржаў.

Апошнія навіны