BE RU EN

Хашчавацкі не прайшоў цэнзуру

  • 4.03.2008, 9:12

У новы каталог беларускіх фільмаў не ўвайшла ніводная стужка вядомага кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага, аўтара фільмаў “Плошча” і “Звычайны прэзідэнт”.

На пачатку гэтага года Беларускі саюз кінематаграфістаў выпусціў каталог беларускіх дзеячаў кіно. Рэжысёр Юры Хашчавацкі не быў здзіўлены, не ўбачыўшы там свайго прозвішча

Мяне не здзіўляе, што Замяталін так распарадзіўся. Гэта нармальна. Гэта ўмовы жанру, у якім мы знаходзімся. Так і павінна быць. Гэта ўмовы гульні. Таксама ён ненавідзіць мяне, ненавідзіць тыя фільмы, якія я рабіў. Ён разумее, што гэтыя фільмы падрываюць тую ўладу, якая сёння існуе”, – паведаміў Хашчавацкі “Еврорадио”.

Самым крыўдным, як высветлілася, для Хашчавацкага стала тое, што кнігу складалі добрыя людзі. Прынамсі, такімі іх раней лічыў рэжысёр.

Аўтары гэтай кнігі – здаецца, нармальныя людзі. Мяне здзіўляе, як яны маглі згадзіцца на гэтую подласць. Я здзівіўся, што сярод маіх калег не аказалася годных людзей. Проста я ўсміхаюся, гледзячы ім у спіну. Я не думаю, што яны змогуць паглядзець мне ў вочы. І грэбую імі”.

“Еўрарадыё” пагутарыла з аўтаркай зборніку Людмілай Перагудавай. Тая прызналася, што пісала свае артыкулы ў 2003 годзе і амаль не памятае, што там у іх:

Гэты зборнік рыхтаваўся сто год таму. І гэтыя артыкулы пісала ў 2003 годзе. Што там было, я ўжо практычна не памятаю. Мы стараліся не забыць нікога. І галоўнае, каб журналісты ведалі, хто гэта такія. Аператараў, гукааператараў і нават кінакрытыкаў стараліся не забыць. Усіх стараліся не забыць. Але ўжо што атрымалася…

А вось аўтарка канцэпцыі зборніка Вольга Нячай, відавочна, выдатна памятае, хто з рэжысёраў увайшоў у зборнік. На нашае пытанне, чаму сярод тысячы пазіцый у кнізе не аказалася прозвішча Хашчавацкага, Вольга Нячай катэгарычна адмовілася адказваць. І сказала, што чакала гэтага пытання:

На гэтае пытанне я вам не адказваю. Я так адразу і падумала, што вы менавіта таму тэлефануеце. Я не буду адказваць на гэтае пытанне… Проста не лічу патрэбным. Думаю, гэта не тэлефонная размова”, – сказала Нячай.

Акрамя фільмаў Хашчавацкага падобны лёс напаткаў і некаторыя “злашчасныя” стужкі рэжысёраў Віктара Дашука, Элы Міловай, Аркадзя Рудэрмана і Ірыны Пісьменнай.

Атрыкулы пра Ірыну Пісьменную і Элу Мілову дык увогуле былі змешчаныя ў раздзеле мастацкага кіно (хаця варта было б напісаць пра іх у раздзеле дакументальнага і кіно ці відэацэнтру). Эла Мілова лічыць, што раздзел мастацкага кіно проста менш кантраляваны.

А вось што “Еўрарадыё” распавяла рэжысёрка Ірына Пісьменная, чый фільм “Мяне паклікалі на баль” нядаўна прывёз узнагароду Берлінскага кінафестывалю:

Там ёсць мае фільмы, але не ўсе. Толькі тыя, якія былі знятыя афіцыйна. Тыя, якія нікому не пагражаюць. Фільм “Мяне паклікалі на баль” пра жанчын, якія прыйшлі ў перабудову. Дзве з іх загінулі, дзве пакінулі краіну. Гэтага фільма няма. Пра Быкава фільма няма. І няма яшчэ некалькіх фільмаў: “Дажыць да любові”… Гэтыя ўсе фільмы не ўвайшлі”.

Складальніца каталогу Вольга Нячай патлумачыла Еўрарадыё, што ў зборнік увайшлі найбольш уганараваныя і вядомыя рэжысёры:

Там каля тысячы прозвішчаў. У каго больш усялякіх узнагародаў, хто больш прэстыжны, вядомы, у каго больш фільмаў. Ну, хто больш зрабіў для кіно”.

Варта зазначыць, што адзін толькі фільм “Плошча” Юрыя Хашчавацкага атрымаў мноства ўзнагарод. Але відаць, гэтага недастаткова, каб заслужыць гонар быць уключаным ў зборнік “Беларускае кіно. Персаналіі”.

Апошнія навіны