Эмануіл Зэльцэр памірае ў ізалятары КДБ?
- 11.04.2008, 11:17
Брат затрыманага ў Мінску амерыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра даслаў адкрыты ліст генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу з заклікам умяшацца і выратаваць яго жыццё – сваякі, спасылаючыся на беларускага адваката затрыманага, сцвярджаюць, што стан здароўя Эмануіла Зэльцэра крытычны.
У канцылярыі Генпракуратуры “Белорусским новостям” пацвердзілі, што 10 красавіка быў атрыманы зварот на імя генпракурора ад Марка Зэльцэра.
Ліст, дасланы таксама і да нас у рэдакцыю, паведамляе, што Зэльцэру “адмоўлена ў прыёме лекаў, жыццёва неабходных для яго здароўя”. “Беларускія ўлады і амбасада Беларусі ў ЗША атрымалі ліст ад яго ўрача ў Нью-Ёрку, які выразна заяўляе, што Эмануіл вельмі хворы чалавек, дэталёва апісвае яго стан здароўя і папярэджвае, што той не выжыве без належнай медычнай дапамогі”, - гаворыцца ў лісце.
Да звароту далучана пасведчанне за подпісам лякуючага ўрача, якое “папярэджвае пра рэальную пагрозу шматлікіх незваротных пашкоджанняў унутраных органаў у працэсе, які, магчыма, ужо адбываецца”.
“Апошнія паведамленні адваката Эмануіла сведчаць, што стан Эмануіла значна пагоршыўся, і ён можа не выжыць. Шаноўны спадар Васілевіч, Эмануіл памірае ў Вашай турме. Я заклікаю да Вашай дапамогі, Спадар Генеральны Пракурор, у здзяйсненні усяго магчымага, каб уратаваць майго брата Эмануіла”, - піша Зэльцэр-старэйшы.
Кіраўнік Цэнтру інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэту дзяржбяспекі Беларусі Валер Надтачаеў заявіў нам, што ведамства не каментуе гэтыя падзеі. “Мы агучылі заяву пра тое, што яму выказана абвінавачванне. Цяпер ідзе следства”, - сказаў Надтачаеў.
МЗС Беларусі таксама адмовіўся ад каментароў па факце выказаных амерыканскай амбасадай некалькіх нотаў пратэсту: консул ЗША 27 сакавіка меў адзіную магчымасць сустрэцца з Эмануілам Зэльцэрам, на запыты пра арганізацыю новай сустрэчы згоды не паступала.
Эмануіл Зэльцэр разам з сакратаркай Уладленай Функ быў арыштаваны КДБ Беларусі 12 сакавіка па прылёце ў Мінск. Іх абвінавацілі ў выкарыстанні заведама падробленых дакументаў. Яны знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ; іх інтарэсы прэзентуе агульны адвакат, прызначаны беларускім бокам.
Сваякі і сябры Зэльцэра раней неаднаразова заяўлялі, што непакояцца за стан яго здароўя. Са спасылкай на беларускага адваката затрыманага яны сцвярджаюць, што яму адмовілі ў трох з чатырох леках, якія ён у сувязі з хваробай прымае штодзённа цягам 15 гадоў.
Сваякі Зэльцэра таксама неаднойчы заяўлялі, што за яго арыштам можа стаяць расійскі бізнэсмэн Барыс Беразоўскі. Згодна з іх інфармацыяй, той быццам бы дамовіўся са сваякамі грузінскага бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі пра прадастаўленне яму сваіх адвакатаў, з мэтай атрымаць палову маёмасці грузінскага алігарха.
Удава і дзве дачкі раптоўна памерлага Патаркацышвілі падалі іск супраць яго зводнага стрыечнага брата Джозэфа Кея і яго адваката Эмануіла Зэльцэра, з абвінавачваннем тых у выкарыстанні падробленых дакументаў, у тым ліку даверанасці і тэстаменту.
У інтэрвію “Белорусским новостям” Марк Зэльцэр распавёў, што кансультаваўся з адвакатам, і той упэўніў, што справаводства па гэтым іску не можа быць распачата, паколькі істцы не маюць амерыканскага грамадзянства, якога не было і ў Бадры Патаркацышвілі, а да таго ж, яго маёмасць не знаходзіцца на тэрыторыі ЗША.
Мэта іску, на думку Зэльцэра-старэйшага, “зганьбіць імя Эмануіла, тым самым, парушыўшы яго адвакацкую практыку і пазбавіўша яго заробку”.