Сьмех скрозь сьлёзы – 2
- 15.04.2008, 14:27
Працягваем друкаваць адыёзныя выказваньні сьведкаў-міліцыянтаў, амапаўцаў, сабраныя на шматлікіх судах над моладзевымі дэмакратычнымі актывістамі.
На гэты раз у галоўнай ролі выступае Менскі СОБР. Месца падзей – суд Цэнтральнага раёну, дзе па ілжывых абвінавачаньнях судзілі актывістак «Маладога Фронту» Людвісю Атакулаву, Кацярыну Галіцкую і Кацярыну Краснову. За акцыю падтрымкі тады яшчэ зьняволенага Артура Фінькевіча дзяўчаты атрымалі па 15 сутак, паведамляе сайт «Маладога Фронта».
А.П. Скрыганоўскі, 1985 г, спэцназавец. Суд над Касей Красновай:
Адвакат: За што вы затрымалі дзяўчат?
Скрыганоўскі: Яны спрабавалі пракрасьціся на каток
Адвакат: Што значыць пракрасьціся?
Скрыганоўскі: Не разумею пытаньня
Адвакат: Якім чынам яны ішлі?
Скрыганоўскі (незадаволена): Якім-якім! Пуцём хады на двух нагах у бок катка…
Маўчаньне…
Адвакат: А як Вы іх затрымлівалі?
Скрыганоўскі: Мы захадзілі з франта.
Бульшэўскі В М., 1980 г., спэцназавец, другі сьведка. Суд Касі Красновай:
Адвакат: За што Вы затрымалі дзяўчат?
Бульшэўскі: (ганарліва) Яны трымалі сьцяг антыдзяржаўнага характару! І ваабшчэ! Яны хуліганілі, бэйджыкі ў нас зрывалі!
Булдышэўскі В М. на судзе Касі Галіцкай:
Адвакат: Як Вы вызначылі, што гэта быў сьцяг?
Булдышэўскі: Бо ён быў падобны на яго.
Адвакат: А падрабязьней можна?
Булдышэўскі: Да што падрабязьней? Дзе там дзірачкі якія, дзе плямы, я не разглядаў…
Адвакат: А ці было ў яго дрэўка?
Булдышэўскі: Было. А можа і не. Ня памятаю
Адвакат: А што Кася зрабіла зь ім пасьля?
Булдышэўскі: Паклала ў торбу
Адвакат: Дык калі яна схавала сьцяг у торбу, як Вы думаеце, ці было ў сьцяга дрэўка?
Булдышэўскі: Ня памятаю, нічога я ня памятаю.