На вёску больш няма грошай
- 28.04.2008, 8:54
Сёння найгалоўная задача, якая стаіць перад аграпрамысловым комплексам Беларусі, - гэта выйсце на самафінансаванне, самаакупнасць выраблянай сельскагаспадарчай прадукцыі, заявіў 27 красавіка ў эфіры БТ намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Папкоў.
Па ягоных словах, праграмай адраджэння вёскі акрэслена задача падвышэння эфектыўнасці вытворчасці на падставе сучасных тэхналогій, а таксама падвышэння прыбыткаў вясковага насельніцтва. Беларускія навукоўцы прыйшлі да высновы, што найбольш эканамічна мэтазгодная вытворчасць мусіць налічваць ад 7 да 12 тыс.га сельскагаспадарчых угоддзяў, што дазволіць павялічыць вытворчасць сельгаспрадукцыі ў Беларусі ў 2 разы. Краіна мае патрэбу ў арганізацыі ўзбуйнёных гаспадарак, дзеля забеспячэння высокага ўзроўня вытворчасці прадукцыі - 10 млн.т збожжа, 6,5 млн.т малака і 1,5-2 млн.т мяса.
"Сёння мы забяспечваем прадукцыяй унутраны рынак, але ўзняць эканоміку можна толькі за кошт знешніх рынкаў. Калі мы будзем рэалізоўваць нашу сельскагаспадарчую прадукцыю недзе на $1,5-2 млрд., гэта дазволіць вырашыць шматлікія фінансавыя праблемы, што маюцца ў аграпрамысловым комплексе", - падкрэсліў Аляксандр Папкоў.
Ён дадаў, што ў Беларусі бюджэтныя фінансавыя сродкі даюцца тым гаспадаркам, што вырабляюць стратную прадукцыю, не забяспечваючы засевак ды ўборачных кампаній. Грошы - а гэта больш чым Br3 трлн. – павінны ўкладвацца ў перспектыўныя праекты: у падвышэнне ўрадлівасці земляў, у будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў і іншыя.
"Ужо ёсць адпаведнае даручэнне занесці пэўныя карэктывы ў фінансаванне некаторых кірункаў у сельскай гаспадарцы, заданні па ўдасканаленні будаўніцтва жывёлагадоўчых фермаў, паступілі даручэнні ў частцы напрацоўкі пэўных падыходаў па фінансаванні праграмаў меліярацыі земляў. Трэба абазнана падысці да пытанняў аптымізацыі выдаткаў. Кіраўнік дзяржавы рабіў акцэнт на памяншэнні колькасці аграгарадкоў. Адпаведна з праграмай адраджэння вёскі на мапе Беларусі мусіла з'явіцца 1481 аграгарадкоў. З улікам узбуйнення гаспадарак, калі кожны аграгарадок будзе мець недзе пад 10-12 тыс.га сельскагаспадарчых угоддзяў, 750-800 аграгарадкоў будзе дастаткова, але іх павінна быць не больш за 1000", - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.