BE RU EN

Расейскія СМІ: У Менску не давяраюць атаму і Лукашэнку

  • 28.04.2008, 10:00

Акцыяй пратэсту супраць будаўніцтва АЭС беларуская апазіцыя адзначыла 26 красавіка чарговыя ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У маніфестацыі ў Менску ўзялі ўдзел каля 2 тысяч чалавек, піша расейская "Независимая газета".

"Чарнобыльскі шлях" - традыцыйнае мерапрыемства беларускай апазіцыі. У розныя гады яно збірала ад тысячы да некалькіх дзясяткаў тысяч людзей.

Ад папярэдніх яно адрознівалася тым, што ладзілася на фоне рашэння ўладаў будаваць у Беларусі АЭС. У дадатак, сёлета беларусы, пацярпелыя ад аварыі, былі пазбаўлены шэрагу льготаў, а ў пасёлку Дружны пад Менскам больш за месяц цягнецца канфлікт паміж мясцовымі жыхарамі, з аднаго боку, і гарадскімі ўладамі ды расейскім інвестарам - з другога, з-за будаўніцтва завода па вытворчасці ядахімікатаў. "НГ" пісала, што расейская кампанія "Август" стала ўдзельнікам СП ЗАТ "Август-Бел". Інвестар планаваў укласці ў будаўніцтва 16 млн. дал. і ўжо да канца года распачаць вытворчасць (сродкаў супраць шкоднай жамяры, пустазелля, для барацьбы з хваробамі раслінаў ды інш.).

Апазіцыя акумулявала ўсе згаданыя пратэстныя настроі, аднак лейтматывам акцыі стаў пратэст супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Удзельнікі акцыі выйшлі на вуліцу з транспарантамі: "Не другому Чарнобылю", "Атам мірным не бывае", "Атамная энергетыка - гэта тупік", "Мы не жадаем мёртвых дзяцей". Па сцвярджэнні прадстаўнікоў апазіцыі і шэрагу навукоўцаў, нязгодных з будаўніцтвам АЭС, Беларусі, замест таго каб марнаваць грошы на чарговую будоўлю стагоддзя, варта было б скіраваць іх на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай аварыі. Яны сцвярджаюць, што ўлады замоўчваюць праўдзівыя наступствы гэтай экалагічнай катастрофы і наносяць непапраўную шкоду свайму народу, рэабілітуючы забруджаныя тэрыторыі. Да таго ж, ёсць падставы лічыць, што будаўніцтва АЭС ва ўмовах недахопу ў Беларусі сродкаў ператворыцца ў "камсамольскую будоўлю", лічыць апазіцыя. Праца "усім светам" на такім небяспечным аб'екце рызыкоўная парушэннем тэхнічных нормаў, кажуць нязгодныя з мірным атамам".

У той самы час Аляксандр Лукашэнка, які ладзіў традыцыйную паездку па Гомельскай вобласці, пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС, абвясціў усіх нязгодных з узвядзеннем ядзернага аб'екта "ворагамі народа". Прэзідэнт абвінаваціў іх у намеры зарабіць палітычны капітал на атамнай тэматыцы. "Я ім гэтага не дазволю ўсімі рэсурсамі і ўсёй уладай, якія ёсць у мяне сёння ў руках", - сказаў Лукашэнка. "НГ" ужо пісала пра тое, што неабходнасць будаўніцтва ў краіне АЭС улады Беларусі тлумачаць імкненнем сысці ад энергетычнай залежнасці ад Расеі. Гэта праблема абвастрылася пасля таго, як Расея істотна падвысіла кошт газу для Беларусі і перайшла на меней выгадную схему пастаўкі нафты.

Цікава, што напярэдадні ўгодак аварыі на ЧАЭС 25 красавіка беларускія ядзернікі справаздаліся падчас прэс-канферэнцыі аб тым, як ідзе падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС. Было сказана, што праектныя працы мусяць скончыцца да канца 2008 года. Да гэтага ж часу плануецца вызначыцца з пляцоўкай пад будаўніцтва (разглядаюцца чатыры варыянты). Асноўнай інтрыгай гэтай будаўнічай кампаніі да нядаўняй пары быў выбар кампаніі-падрадчыка. "НГ" пісала, што нараўне з французскай Areva і амерыканскай Westinghouse на гэтую ролю прэтэндуе расейскае ЗАТ "Атомстройэкспорт". Як распавёў падчас прэс-канферэнцыі намеснік акадэміка-сакратара аддзялення фізіка-тэхнічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Міхалевіч, тэндэру можа і не быць, ці ён можа аказацца фармальным. Прычына ў тым, што названыя кампаніі ўжо падзялілі рынак і Беларусь "дастаецца" расейскаму "Атомстройэкспорту". Нагадаем, што кошт праекту беларускія спецыялісты ацэньваюць у 4 млрд. дал. Першы блок мусіць быць запушчаны ўжо ў 2016 годзе.

Апошнія навіны