Школьная «ліхаманка»
- 30.04.2008, 16:55
Выступаючы перад парламентам, А.Лукашэнка падкрэсліў, што «з эксперыментамі ў школьнай адукацыі трэба заканчваць». Незалежныя эксперты лічаць, што пераход на 11-гадовую сярэднюю адукацыю – абсурдны эксперымент.
Па словах Лукашэнкі, у яго два ВНУ-шных дыплома. Аднак, з некаторых часоў беларускі кіраўнік занадта часта стаў паўтараць, што сёнешняй моладзі «зусім не абавязкова цягнуцца да вышэйшай адукацыі», адзначае «Нямецкая хваля».
Сусветная тэндэнцыя складаецца з таго, што змест адукацыі і ўзровень кваліфікацыі, які парабуецца, пашыраюцца, канстатуе Ўладзімір Мацкевіч, які распрацаваў у 90-х гадах мінулага стагоддзя альтэрнатыўны праект рэформы адукацыі.
«Мы ці хочам упісацца ў групу краінаў, якія лідуюць, ці мы хочам быць выкінутыя за межы гэтай канкурэнцыі. Калі мы хочам затрымацца ў «вышэйшай лізе» (няхай пакуль і на апошніх месцах), мы павінныя захаваць 12-гадовую адукацыю», - упэўнены Ўладзімір Мацкевіч.
Чыноўнікаў клюнуў смажаны певень
«Дванаццацігодку» пачалі ўкараняць у Беларусі яшчэ дзесяць год таму - для прывядзення беларускай сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з еўрапейскай. Ацаніць яе плады складана- бо яшчэ ж не адбылося аніводнага выпуску!
Але месяц таму першы замкіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў абвінаваціў «дванаццацігодку» ў разбазарванні бюджэтных сродкаў. Ён падлічыў, што 12-ы год абыйдзецца краіне ў 300 мільярдаў рублёў. Пасля такой заявы Лукашэнка паставіў перад Мінадукацыі пытанне рабром.
Эксперт Уладзімір Мацкевіч тлумачыць гэтае хуткае рашэнне тым, што, калі школьная рэформа пачыналася, ніхто не разглядаў яе ў кантэксце ўзгаднёнай палітыкі ў галіне працы і занятасці, ваеннай рэформы, зменаў ва ўсіх сістэмах адукацыі.
«Зараз, калі падыйшло пакаленне, якое павінна выпускацца, адаптаваць сацыяльныя інстытуты і вышэйшую адукацыю да такога кшталту штучнай катастрофы вельмі складана. Вось калі б да гэтага рыхтаваліся пяць год, гэта прайшло б бязбольна. А калі смажаны певень клюнуў, тады пачынаецца паніка: «Давайце адменім!»
«Двойка» за рэформу
У той жа час незалежныя эксперты прызнаюць, што рэформа праводзілася без выразнай стратэгіі дзеянняў. Яе падмянілі фармальнымі аспектамі: павелічэннем тэрмінаў навучання, зменай шкалы адзнакі ведаў.
«У канцы 11-га класу ўсім было нудна вывучаць у профільным гістарычным класе матэматыку і фізіку, напрыклад. Вельмі хацелася вывучаць ужо профільнае і ісці далей», - ацэньвае навучальны працэс адна з учорашніх выпускніц.
Метадолаг Святлана Мацкевіч адсочвала ўсе памылкі рэформы на ўласнай. За годы вучобы ў школе тая перажыла беларусізацыю і яе адмену, змены вучэбных планаў, пераход на дзесяцібальную сістэму і ўвядзенне тэставання. Што ў выніку?
«Нашыя дзеці аказаліся ў вялікай плыні інфармаванасці, але ад гэтага якасць ведаў не павялічваецца. Ад гэтага не з’яўляецца мысленне. У той час як тая сітуацыя, у якой апынулася Беларусь, патрабуе пэўнай рэфлексійнасці, пэўных даследчых навыкаў, здольнасці самавызначацца ў сітуацыі, якая хутка мяняецца».
Але гэта зусім не значыць, што трэба вяртацца да 11-гадовага навучання ў школе.
«Гэта няправільны крок. Трэба проста форму запаўняць іншым зместам, іншай якасцю адукацыі», - кажа Святлана.
Школьная «ліхаманка»
Адмена 12-годкі параджае нямала праблемаў. Напрыклад, адначасова школу скончаць два камплекты выпускнікоў: ВНУ не змогуць іх прыняць, кваліфікацыі ў іх няма, а працоўныя месцы іх не чакаюць. Прыйдзецца пераглядаць вучэбныя праграмы, мяняць вучэбныя планы, выключаць некаторыя дысцыпліны. У бліжэйшыя 2-3 гады школу будзе ліхаманчыць.
«Гэта патрабуе яшчэ большага ўзмацнення жорсткасці аўтарытарнага рэжыму, дырэктыўных метадаў кіраўніцтва. Гэта непатрэбнае абгрунтаванне таго, што неабходная цвёрдая рука. У гэтым сэнсе ўсе гэтыя працэсы звязаныя між сабой», - робіць выснову Ўладзімір Мацкевіч.