Арыштаваны ўладальнік «Ждановічаў» – адзін з найбагацейшых людзей Беларусі, па сумяшчальніцтву лідэр «Белай Русі»
- 9.04.2008, 14:39
Як паведамлялася, днямі быў арыштаваны адзін з найбагацейшых людзей Беларусі, кіраўнік Гандлёвага дому «Ждановічы» Яўген Шыгалаў. Паводле рэйтынгу незалежных экспэртаў, ён займае 8-ае месца ў дзесятцы самых пасьпяховых і ўдалых бізнэсоўцаў краіны.
За Шыгалавым таксама замацавалася і першае месца сярод тых, хто зарабляе грошы на здачы ў арэнду гандлёвых плошчаў. Яшчэ з двума кампаньёнамі ён валодае гандлёвым домам “Ждановічы”, у які ўваходзяць рэчавы і аўтамабільны рынкі, харчовы цэнтар, гандлёвы комплекс “Grad”, Зоабатанічны рынак, Начны гуртовы кірмаш садавіны і гародніны, мясакамбінат “Тарасава”, сельгаскамбінат “Ждановічы-Агра”, рэстаран “Арыён” ды іншыя аб’екты, паведамляе “Наша Ніва”.
Яўген Шыгалаў вядомы сваёй актыўнасьцю ў грамадзкім жыцьці. Ён уваходзіць ў ініцыятыўную групу па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”, якое спрабуе аб’яднаць прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
“Ждановічы”, як рынак, быў заснаваны ў 1993 годзе, і пашыраўся праз увесь час кіраваньня Лукашэнкі.
Сам Яўген Шыгалаў прайшоў тыповы для постсавецкіх бізнэсоўцаў шлях. Як паведамляе “Салідарнасць”, яшчэ ў пачатку 90-х ён працаваў сьлесарам у сэрвісным цэнтры «АўтаВАЗ», што на Сярова - залатой жыле савецкага часу - і трапіць у бізнэс здолеў не без дапамогі жаніцьбы з дачкой намесьніка дырэктара гэтага прадпрыемства. Пачынаў Шыгалаў з гандлю патрыманымі машынамі.
Нагадаем, сёньня арышт уладальніка Гандлёвага цэнтру “Ждановічы” пацьвердзіў міністар унутраных справаў Уладзімір Навумаў, які таксама паведаміў, што разам з Шыгалавым арыштаваныя ягоны намесьнік і дзяржаўны чыноўнік, прозьвішча якога не называецца.