BE RU EN

Беларусу адпачываць на радзіме гэтаксама дорага, як і за мяжой

  • 15.05.2008, 12:56

Ужо некалькі гадоў беларусаў заклікаюць адпачываць на радзіме. Маўляў, не варта змяняць клімат і ўганяць арганізм у стрэс. Але грамадзяне ўпарта працягваюць фарсаваць замежныя курорты.

Напрыклад, за мінулы год колькасць беларусаў, якія наведалі Турцыю (пасля Крыму гэтае найпапулярнае месца адпачынку нашых суайчыннікаў) вырасла на чвэрць. "КП в Беларуси" прыкінула, дзе выгадней і весялей правесці адпачынак: на радзіме ці за мяжой.

Сёлета замежны адпачынак падаражэў.

- Танней за 600 даляраў з чалавека вы за мяжой не адпачнеце. Крыху танней будзе толькі Крым. Па нашых прагнозах, два тыдні ў Анапе або ў Місхоры - 500 даляраў, - папярэджваюць у турфірмах. - У параўнанні з мінулым сезонам кошты выраслі недзе на 15 - 20 адсоткаў. Напрыклад, для Балгарыі ці Турцыі дадатак склаў недзе 100 - 150 даляраў.

Вядома, нашыя заробкі на такую суму не ўзняліся. Можа, і насамрэч падумаць пра адпачынак на радзіме?

На першы позірк здаецца, што правесці адпачынак, не пакідаючы краіну, танней. Сям'я з трох чалавек (муж, жонка і дзіця больш за 10 гадоў) выкладзе за адпачынак у Егіпце з дзве тысячы даляраў, пляжы Турцыі і Балгарыі стануць ў паўтары тысячы. А за мясцовы санаторый ды яшчэ разам з лячэннем яны аддадуць усяго каля тысячы. Але няўжо гэта танна?

Яшчэ больш б'юць па кішэні нашыя пансіянаты за мяжой: на Чорным і Балтыйскім морах. Сям'і з трох чалавек 12-дзённы адпачынак у іх стане прыкладна ў дзве тысячы даляраў. А яшчэ праезд да санаторыя і назад. Плацкарта да Сочы каштуе 110 тысяч рублёў на чалавека. Дарога траім туды-назад стане ў 660 тысячаў (прыкладна 300 даляраў).

Ёсць і яшчэ адна праблема беларускага адпачынку - замежнага сэрвісу вам не забяспечаць. Можна, вядома, зняць дамок ў Сілічах, вядомым горналыжным курорце пад Менскам. На сям'ю за 12 дзён атрымаецца тая ж тысяча "зялёных". У гэты кошт уваходзіць толькі сняданак. Калі вы лічыце, што гэта нармалёва, тады рыхтуйцеся гэтулькі ж аддаць за ежу і забаўкі.

- Звычайна яшчэ ў канцы траўня нашы санаторыі ўжо раскуплены расейцамі, - распавёў "Камсамолцы" дырэктар саюза турыстычных арганізацый Валянцін ЦЭХМЕЙСТЭР. - Для іх, у адрозненне ад беларускага спажыўца, гэта нядорага.

- Калі б кошты знізіліся, беларусы адпачывалі б на радзіме?

- Спажывец розны. Кагосьці задавальняе лес, конныя маршруты, катанне на лодках. Але ўсё ж з-за нестабільнасці нашага клімату, сталай вільготнасці беларусы заўсёды будуць імкнуцца да мора, да гор. І нічога дзіўнага ў гэтым няма. Людзям патрэбны ўражанні і змена абставінаў. Вазьміце Нямеччыну або Швецыю - там ёсць што паглядзець, ёсць дзе адпачыць, але шведы аддаюць перавагу адпачынку ў іншых краінах.

Апошнія навіны