Адсотак невыязных у Беларусі ў сем разоў большы, чым у Расеі
- 22.05.2008, 17:13
У менш чым 10-мільённай Беларусі за мяжу не можа выехаць 1% насельніцтва, а ў Расеі з яе 142 мільёнамі — 0,14%.
Як ужо паведамлялася, расейскія праваабарончыя органы перададуць Беларусі спіс грамадзянаў, якім часова забаронены выезд з краіны. У базе дадзеных каля 200 тыс. чалавек. Расея перадае беларускім калегам спісы Інтэрпола, Еўрапола, ФСБ, МУС, падаткавых органаў.
Між тым беларуская база невыязных усяго ў два разы меншая, туды ўнесена каля 100 тыс. чалавек. Аб гэтым у лістападзе мінулага года паведаміў міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, нагадвае «Салідарнасць».
Няхітры падлік паказвае, што ў менш чым 10-мільённай Беларусі за мяжу не можа выехаць 1% насельніцтва, а ў Расеі з яе 142 мільёнамі — 0,14%, ці ў сем разоў меней.
Затое адмова ў выездзе будзе ўспрымацца не так хваравіта пасля зносінаў з памежнікамі: ім дадзенае ўказанне ўсміхацца.