BE RU EN

Расея зацягвае пазыковую пятлю вакол Беларусі

  • 23.05.2008, 10:56

Расея гатова абмеркаваць новы палёгкавы крэдыт Беларусі на аплату падаражэлага газу, а для кампенсацыі вынікаў росту коштаў прапануе "саюзніцы" больш актыўна дзяліцца прывабнымі актывамі з расейскімі інвестарамі.

Пра гэта паведаміла журналістам крыніца ва ўрадзе РФ, старшыня якога Уладзімір Пуцін у пятніцу прыляціць у Менск на сустрэчу прэм'ераў краінаў СНД, піша Reuters.

Беларускія ўлады кажуць пра жаданне перагледзець дамову з расейскім Газпромам, каб адмяніць увязку падвышэння кошту газу з нафтавымі коштамі, якія растуць вышэй за прагноз.

У дамове вызначана коштавая формула, але Менск баіцца, што з-за далейшага падаражэння нафты кошт газу для Беларусі таксама памкнецца ўверх. Напярэдадні візіту Пуціна кошты на нафту дасягнулі чарговага рэкорду - перасягнулі адзнаку $135 за барэль. "Мы разумеем, што яны (Беларусь) асцерагаюцца росту коштаў. Мы ў Расейскай Федэрацыі таксама асцерагаемся росту коштаў", - сказала ўрадавая чыноўніца.

"Гэта агульнасусветная тэндэнцыя, да яе трэба рыхтавацца", - паведаміла яна і дадала, што "пераламаць схему, якая занатавана ў кантрактах", з-за таго, што ўзняліся кошты на сусветным рынку - "гэтае пытанне не стаіць на павестцы дня, Беларусь і так атрымлівае пакуль па льготных коштах".

У той самы час Масква гатова абмеркаваць кошт газу з Менскам.

"Гэтае пытанне, калі яно будзе пастаўлена беларускім бокам, мы вядома, гатовы яго абмяркоўваць", зыходзячы пры гэтым з "нязменнасці коштаў, прадугледжаных кантрактамі... з формуламі кошту".

Пасля "газавай вайны" 2006-07 гадоў Беларусь замірылася з паэтапавым падвышэннем кошту расейскіх энерганосьбітаў, якія пакуль стаюць ёй танней, чым іншым краінам. Аднак рэзкае падаражэнне газу летась прывяло да двухразовага паскарэння інфляцыі ў Беларусі і запаволеных тэмпаў эканамічнага росту.

У той самы час Расея дала свайму палітычнаму "саюзніку" ільготныя крэдыты ў мільярды даляраў з растэрміноўкай на дзесяткі гадоў, для кампенсацыі ўзнятых выдаткаў на газ. Крытыкі кажуць, што гэтымі субсідыямі Крэмль падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, якому Захад забараніў уезд, у сувязі з абвінавачаннем у прыгнёце дэмакратыі і парушэнні правоў чалавека.

Лукашэнка неаднойчы дазваляў сабе крытыку палітыкі Крамля на фоне рэверансаў у адрас Захаду - які не адказвае ўзаемнасцю - у той самы час называе сябе найбліжэйшым саюзнікам Масквы.

Тым часам эканамічнае статут-кво не надта задавальняе Маскву.

"Расея выступае ў гэткай нібыта падвойнай ролі: з аднаго боку, фінансава спрыяе Беларусі, доўгі час ільготнымі коштамі і крэдытамі і гэтак далей, але з іншага боку.., структура гандлю такая, што мы, па сутнасці, сыравінавы прыдатак Рэспублікі Беларусь", - сказала супрацоўніца расейскага ўрада.

Яна паведаміла, што ступень выраўноўвання гандлёвага дысбалансу будзе крытэрам, зыходзячы з якога РФ вырашыць, ці даць яшчэ адзін "беспрэцэдэнтны крэдыт" Беларусі - калі тая папросіць.

"Беларусь можа гэтае пытанне паставіць, гэта яе права, але падрыхтоўка рашэння аб крэдыце - справа вельмі сур'ёзная... Нам важна, каб крэдыт ... спрыяў нашай эканамічнай інтэграцыі... Нам важна, каб гэтыя крэдыты ішлі на мэты рэфармавання структуры нашага замежнаэканамічнага аб'ёму".

На думку расейскага ўрада, Беларусь здолела б пераадолець негатыўныя наступствы росту коштаў, калі б пашырыла супрацу з РФ ва ўсіх сферах.

"Ёсць інтарэсы ў расейскіх кампаніяў да працы на беларускім рынку", - сказала чыноўніца. "Так, возьмем грузавікі і сельгасмашынабудаванне: і ў Расеі, і ў Беларусі добрыя гіганты ў гэтай вобласці, і мы паасобку цяпер быццам бы выходзім на сусветны рынак.... Калі мы свае высілкі там аб'яднаем, у нас ёсць добры шанец стаць вельмі сур'ёзным гульцом на сусветным рынку."

Апошнія навіны