Старшыня Еўрапарламента падтрымаў права беларусаў на свабоду сумлення
- 27.05.2008, 18:01
Лідэр Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец сёння ў Брусэлі сустрэліся з старшынёй Еўрапарламента Гансам-Гертам Потэрынгам.
Падчас сустрэчы беларускія палітыкі перадалі кіраўніку Еўрапарламента 50 тысяч подпісаў беларусаў, незадаволеных Законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый» і петыцыю пра парушэнні свабоды сумлення ў Беларусі.
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Павал Севярынец, падчас сустрэчы са старшынёй Еўрапарламента лідэры беларускага дэмакратычнага руху казалі пра грубыя парушэнні свабоды сумлення і іншых правоў чалавека, якія маюць месца ў Беларусі.
“У часе гутаркі асноўнай тэмай было парушэнне права беларусаў на свабоду сумлення, паколькі нашая сустрэча была прымеркаваная да перадачы 50 тысяч подпісаў беларускіх вернікаў, якія не пабаяліся гэтыя подпісы паставіць, ведаючы, што іхныя імёны патрапяць і да беларускіх уладаў. Аднак вялося і пра парушэнні іншых правоў чалавека ў Беларусі. Пасля ўрачыстай перадачы подпісаў спадар Потэрынг выказаў сваю падтрымку ўсім грамадзянам нашай краіны, якія змагаюцца за дэмакратыю ў Беларусі і падкрэсліў, што Еўрапарламент і надалей будзе шмат увагі надзяляць падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, бо хрысціянскія каштоўнасці непарыўна звязаныя з агульначалавечымі дэмакратычнымі каштоўнасцямі і павагай да правоў чалавека”, - падкрэсліў Павал Севярынец.
Па яго словах, у часе сустрэчы ініцыятары падачы петыцыі ў Еўрапарламент канстатавалі, што ў Беларусі сістэмна парушаецца права на свабоду сумлення. Менавіта таму яны вырашылі звярнуцца да міжнароднай супольнасці з просьбай аказаць дапамогу грамадзянам Беларусі ў барацьбе за свае правы, а менавіта: ініцыяваць правядзенне аналізу заканадаўства Беларусі па свабодзе сумлення і ўлічваць наяўнасць свабоды сумлення ў Беларусі як крытэр ацэнкі ступені дэмакратызацыі краіны.
У прыватнасці лідэр руху “За свабоду” заявіў, што сітуацыя з рэалізацыяй фундаментальнага права чалавека на свабоду сумлення выклікае занепакоенасць у беларускім грамадстве. “Можна з усёй адказнасцю казаць, што сёння ў Беларусі гэтае права парушаецца. Ціск і пераслед за свае перакананні церпяць хрысціяне, вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесій: праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, а таксама некаторыя аб’яднанні, якія вызнаюць сваімі прынцыпамі хрысціянскія каштоўнасці. І прычынай гэтага – мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка, у выніку якой рэлігійнае заканадаўства нашай краіны не адпавядае ні нормам Канстытуцыі краіны, ні міжнародным стандартам”, – выказаў упэўненасць Аляксандр Мілінкевіч.
У сустрэчы са старшынёй Еўрапарламент Гансам-Гертам Потэрынгам таксама ўзялі ўдзел прадстаўнік Еўрапейскага цэнтру права і справядлівасці Роджэр Кішка і юрыст царквы “Новае жыццё” Сяргей Луканін, якая цягам апошніх гадоў пераследуецца беларускім рэжымам.
У Бруселі сёння таксама пройдзе прэсавая канферэнцыя, якую арганізуе дэлегацыя Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. На ёй прагучыць заява пра парушэнні рэлігійнай свабоды ў Беларусі. А ўвечары мае адбыцца пазачарговае паседжанне дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, на якім плануецца выступ Аляксандра Мілінкевіча, Паўла Севярынца і Роджэра Кішкі, які і дапамог падрыхтаваць петыцыю пра парушэнні свабоды сумлення і аналіз беларускага заканадаўства.
Нагадаем, раней 50 тысяч подпісаў беларускіх вернікаў, якія патрабуюць унясення зменаў у закон “Аб свабодзе сумлення”, былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта, Канстытуцыйны суд і “палату прадстаўнікоў”, але ніякай рэакцыі ад беларускіх уладаў вернікі пакуль не прычакалі.