Імклівая кар'ера пракурора
- 10.06.2008, 17:34
Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне намеснікам генеральнага пракурора Беларусі Аляксея Стука. А яшчэ год таму А.Стук займаў пасаду пракурора Ленінскага раёна Менска.
Прызначаючы А.Стука на гэтую пасаду, Лукашэнка адзначыў, што «чакае хуткім часам падвышэння эфектыўнасці дзейнасці пракурорскіх работнікаў. Шматлікае залежыць таксама ад выбудоўвання паспяховага ўзаемадзеяння пракурораў з прадстаўнікамі іншых праваахоўных органаў", падкрэсліў беларускі кіраўнік.
Аб тым, што пракурор Стук паспяхова супрацоўнічае «з прадстаўнікамі іншых праваахоўных органаў», выдатна сведчыць ягоная імклівая кар'ера.
Да ліпеня 2007 года Аляксей Стук займаў пасаду пракурора Ленінскага раёна Менска. Падвышэнне па службе ў выглядзе пасады намесніка пракурора Менска атрымаў хутка пасля таго, як адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзян, якія напалі ў пачатку 2006 года на кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.
Нагадаем, 17 лютага 2006 года А.Казуліну і ягоным давераным асобам у будынку Нацыянальнага прэс-цэнтра супрацоўнікамі спецслужбаў была ўладкаваная правакацыя, у выніку якой быў збіты ў тым ліку і кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін. Усё адбывалася на тэрыторыі падведамнага Стуку Ленінскага раёна. Аднак ва ўзбуджэнні справы па факце збіцця кандыдата ў прэзідэнты А.Казуліна было адмоўлена, затое пазней справа была заведзеная не супраць “службістаў”, а супраць А.Казуліна.
Апошнім дасягненнем пракурора А.Стука ўжо на пасадзе намесніка пракурора Менска з'яўляецца тое, што менавіта ён падпісваў санкцыю на правядзенне ператрусаў у памяшканнях радыё «Рацыя», «Еўрапейскага радыё для Беларусі», тэлекампаніі «Белсат», у гарадзенскіх офісах БНФ і «Бацькаўшчына» і ў кватэрах незалежных журналістаў у Брэсце, Гомелі, Магілёве і іншых гарадах краіны.
Мабыць, чарговае падвышэнне па службе А. Стук атрымаў як раз “за ўдала праведзеную аперацыю” супраць незалежных журналістаў.