Міністар адукацыі Польшчы прапануе Івану Шылу дапамогу
- 13.06.2008, 10:33
Міністар адукацыі Польшчы Катажына Халь запрасіла маладафронтаўца Івана Шылу, якога беларускія ўлады не дапусьцілі да апошняга выпускнога экзамена ў школе, працягнуць навучаньне ў Польшчы.
Як піша сайт milinkevich.org, Катажына Халь таксама паабяцала юнаку дапамогу ў атрыманні далейшай адукацыі.
- Выключэньне вучня са школы перад апошнім выпускным экзаменам зьяўляецца беспрэцэдэнтным выпадкам. Згодна з дэмакратычнымі стандартамі, грамадзкая актыўнасьць, дзейнасьць па распаўсюджваньні культуры й мовы свайго народу ня могуць зьяўляцца перашкодай у прадаўжэньні навучаньня ці атрыманьня атэстата аб сярэдняй адукацыі - адзначыла ў сваім лісьце міністар адукацыі.
Катажына Халь заявіла, што ўсе вучні, якія апынуцца ў такой сытуацыі, змогуць працягнуць навучаньне ў польскай сярэдняй школе й атрымаць там атэстат.
Пра выпадак зь Іванам Шылам і сваю рэакцыю на яго Катажына Халь паінфармавала эўрапейскіх міністраў адукацыі падчас нефармальнай канфэрэнцыі, прысьвечанай праблемам міжкультурніцкай адукацыі, якая адбывалася ў Осла.
Нагадаем, адзін з лідэраў "Маладога Фронту" Іван Шыла быў выключаны "за актыўную грамадзкую дзейнасьць" за дзень да апошняга іспыту па ангельскай мове. Раней педсавет школы дапусціў моладзевага актывіста да іспытаў, але па патрабаваньні з Менска пры паўторным галасаваньні педсавет прыняў рашэнне аб выключэнні. Дырэктар школы Вольга Сянькова напісала на знак пратэсту заяву аб звальненьні па ўласным жаданьні, а яе намесніца па выхаваўчай працы Алена Семчанкова была звольненая за «дрэнную працу».