Ці перагледзіць Вярхоўны суд справу Жалезнічэнкі?
- 18.06.2008, 13:05
Ала Жалезнічэнка, маці гомельскага дэмакратычнага актывіста Змітра Жалезнічэнкі, які быў двойчы незаконна адлічаны з універсітэта і праходзіць цяпер службу ў войску, звярнулася да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы.
Ала Жалезнічэнка просіць спраўдзіць законнасць судовых пастановаў па грамадзянскай справе адносна яе сына і прынесці пратэст у парадку нагляду аб іх адмене. З.Жалезнічэнка, студэнт-выдатнік, быў адлічаны з універсітэта ў верасні 2007 года, судовым рашэннем ў канцы студзеня 2008 года адноўлены, але праз чатыры дні зноў адлічаны і ўзяты ў войска, дзе адмовіўся прымаць прысягу. Раённы і абласны суды, куды звяртаўся са скаргай хлопец, пакінулі ў моцы загад рэктара аб паўторным адлічэнні студэнта, што паслужыла падставай для звароту ў Вярхоўны суд, піша БелаПАН.
Як паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, З.Жалезнічэнка і яго маці не згодныя з судовымі рашэннямі, бо на дзень здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння, якое стала падставай для паўторнага адлічэння з універсітэта, хлопец не быў студэнтам. Да таго ж, З.Жалезнічэнку не мелі права адлічыць у перыяд, калі ён знаходзіўся на больнічным. Маці хлопца адзначае таксама, што адлічэнне студэнтаў мусіць адбывацца з дазволу прафкаму, а не прэзідыума прафкаму, як гэта было ў выпадку са З.Жалезнічэнкам.