У першы клас трэба прыйсці са сваёй партай і крэслам
- 20.06.2008, 8:40
Такія пажаданні пачулі бацькі будучых першакласнікаў у адной з менскіх гімназій.
- У найбліжэйшыя дні мы мусім здаць па сто даляраў на аднамесцавую парту, крэсла і шафку для рэчаў нашага дзіцяці, - у рэдакцыю «КП в Беларуси» затэлефанавала разгубленая мама будучай першакласніцы Марыя Васільеўна. - А яшчэ паслаць лінолеум, які дасць школа, навесіць дошку, замазаць пластыкавыя вокны, якія будуць пастаўлены. Пра жалюзі ўжо маўчу. Пры гэтым сказалі, што няблага б і дзверы ўваходныя ў клас памяняць, вельмі ўжо яны нягеглыя.
Пасля гэтага сходу бацькі разыходзіліся, так бы мовіць, збянтэжаныя. Нехта жартаваў, што раз так, трэба ўжо дзецям і крышталёвыя жырандолі навесіць, нехта быў гатовы адразу выкласці належную суму. Пры гэтым грошы бацькі мусяць аддаваць не самой школе, а толькі прадстаўнікам бацькоўскага камітэта.
- Нам так і сказалі, што ўсё гэта робіцца для нашых жа дзяцей. А я так і ўяўляю сваёй дачку, якая 1 верасня ідзе ў школу з партай пад пахай.
Званок у гімназію
- Школа не мае права не толькі патрабаваць, але нават збіраць грошы з бацькоў, - распавяла завуч гімназіі Святлана Пурынзіна. - Бацькі самі добраахвотна вырашаюць, што трэба іх дзецям. Бо цяпер ёсць такія зручныя парты, якія рэгулююцца па вышыні. Многія бацькі жадаюць, каб іх дзеці вучыліся з выгодамі. Але нікога прымушаць мы не можам. І калі нехта не зможа купіць гэтую парту, школа гэта зробіць сама – аніводнае дзіця ў нас не застанецца без месца.
Позірк з шостага паверху
Кожны раз, калі пачынаецца навучальны год, у рэдакцыю "КП в Беларуси" пачынаюць тэлефанаваць бацькі з нагоды пабораў у школе. І кожны раз мы атрымліваем афіцыйныя каментары ад службоўцаў адукацыі, што ўсе грашовыя ўнёскі могуць быць толькі добраахвотнымі, што займаюцца імі не школы, а апякунскія рады пры іх і гэтак далей.
Але рэдкія бацькі здужаюць супраць фразы: "Вы ж хочаце, каб вашаму дзіцяці ў школе было добра?" Праўда, у кожнай школы і кожнай сям'і паняцце гэтага "добра" сваё. Недзе настаўніцы ці ледзь не кленча умольваюць бацькоў паклеіць шпалеры ў класе, а недзе празрыста намякаюць, што без новай мэблі дзеці проста не змогуць вучыцца. І думка, што дзіця будзе ізгоем, калі бацькі не здадуць тых грошай, прымушае шмат каго патужыць пояс.