Мілінкевіч адмовіўся ад удзелу ў «парламенцкіх выбарах»
- 24.06.2008, 16:43
Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч не будзе ўдзельнічаць ў парламенцкіх «выбарах», што маюць адбыцца, у якасці кандыдата ў дэпутаты.
Пры гэтым апазіцыйны палітык выказаў намер стаць даверанай асобай тых кандыдатаў, якія запросяць яго ездзіць па Беларусі ў мэтах агітацыі. Аб гэтым заявіў прадстаўнік руху "За Свабоду" Віктар Карняенка.
"У нас няма сваёй асабістай кампаніі, у нас ёсць агульная кампанія, у якой мы ўдзельнічаем. У руху "За Свабоду" не будзе ні воднага свайго кандыдата. Мы не з’яўляемся палітычнай партыяй і не будзем дамагацца месцаў у гэтым парламенце", - перадае «Тэлеграф» са спасылкай на «Радыё Свабода» словы Віктара Карняенкі.
Ён адзначыў, што раней у руху "За Свабоду" былі прапановы аб высоўванні сваіх кандыдатаў у дэпутаты, але ў выніку большасць адмовілася ад гэтай ідэі.
Аб адмове ўдзельнічаць ў выбарах заявіла таксама кіраўніцтва грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь".
"Мэтай грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" з’яўляецца прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў у нашай краіне і збор подпісаў грамадзян Беларусі за ўступленне ў ЕЗ. Удзел ці не ўдзел у выбарах суб’екты грамадзянскай кампаніі вызначаюць самастойна. Большасць актыўных удзельнікаў кампаніі "Еўрапейская Беларусь" выказаліся за байкот выбараў, што маюць адбыцца, паколькі пры існуючым рэжыме ў краіне няма ніякіх умоваў для больш-менш празрыстых і сапраўдных выбарчых працэсаў", - перадае прэс-цэнтр Хартыі’97 словы аднаго з лідэраў грамадзянскай кампаніі Андрэя Саннікава.
Калякін упэўнены, што апазіцыянеры не патрапяць у парламент
Старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін заявіў, што не верыць у тое, што апазіцыйныя кандыдаты ў дэпутаты атрымаюць мандаты. "Я думаю, што мандатаў не будзе", - канстатаваў ён.
Сяргей Калякін адзначыў, што "гэта будзе жорсткая палітычная кампанія". "Яна можа быць больш жорсткая, чам кампанія 2004 года. Поўны комплекс дзеянняў: ціск, зняцце, нядопуск да агітацыі, неўключэнне ў камісіі і адмена рэгністрацый", - лічыць лідэр ПКБ.
Аднак, адзначыў Сяргей Калякін, апазіцыя павінная прымаць удзел у выбарах. "Самае галоўнае ў любой палітычнай кампаніі – гэта барацьба за думкі і душы грамадзян. Таму нават калі няма выбараў, то гэта ўдзячная праца", - сказаў ён.