Беларускія прадпрымальнікі просяць абароны ў Еўропы
- 25.06.2008, 8:33
Актывісты грамадскага аб'яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" звярнуліся да еўрапейскай супольнасці па абарону для беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП).
Пр гэта паведаміў БелаПАН старшыня ўправы аб'яднання Віктар Гарбачоў.
З ягоных словаў, на паседжанні ўправы аб'яднання 24 чэрвеня быў прыняты зварот для перадачы яго ў камітэты Рады Еўропы, АБСЕ і Еўрапейскага звяза. У звароце сказана, што "уся палітыка ўладных структураў Беларусі ў апошнія гады скіравана на паслядоўны прыгнёт індывідуальных прадпрымальнікаў - платнікаў адзінага падатку. Пра гэта сведчаць уведзеныя ў апошнія гады абмежаванні колькасці найманых працаўнікоў, падатак на дадатны кошт пры ўвозе тавараў з Расеі, забарона на гандаль асобнымі групамі тавараў".
На думку ІП, апошнім звяном у гэтым ланцугу стала прыняцце прэзідэнцкага ўказу № 760, які цалкам забараніў карыстанне ІП працай найманых працаўнікоў. У лісце падкрэсліваецца, што захады, прадугледжаныя ўладамі ад пачатку 2009 года, зробяць немагчымай дзейнасць нават тых прадпрымальнікаў, якія "неяк прыстасаваліся працаваць самі ці з дапамогай блізкіх сваякоў".
"Мірныя акцыі прадпрымальнікаў у снежні 2007 і студзені-лютым 2008 гадоў былі разагнаны ўладай з неапраўданай жорсткасцю. Дзесяткі актывістаў былі затрыманы, арыштаваны ці трапілі пад штрафы на буйныя сумы. Да спіса прызнаных міжнароднай супольнасцю палітычных зняволеных у нашай краіне дадаліся яшчэ два імя - гэта прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч і моладзевы актывіст Андрэй Кім", - сказана ў звароце.
В.Гарбачоў адзначыў, што мэтай такога звароту з'яўляецца неабходнасць "пазначыць яшчэ раз праблему беларускіх ІП". "Паколькі нас у краіне ўлады не хочуць слухаць, мы вынеслі гэтую праблему на іншы ўзровень. Мы заяўляем, што праблема ліквідацыі індывідуальных прадпрымальнікаў як класа ў Беларусі засталася. Магчыма, узаемадзеянне з міжнароднымі структурамі дапаможа нам абараніць свае інтарэсы", - заявіў кіраўнік аб'яднання.