BE RU EN

Сотавыя кампаніі будуць блакаваць падазроныя тэлефоны

  • 26.06.2008, 12:20

Генеральная пракуратура Беларусі патрабуе ад аператараў мабільнай сувязі стварыць сістэму аўтаматычнага блакавання працы тэлефонаў са змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі.

Пра гэта паведамілі "Інтэрфаксу" у аддзеле інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры Беларусі.

Генпракуратура прапаноўвае міністэрству сувязі "запатрабаваць ад аператараў сотавай сувязі стварыць сістэму пошуку ідэнтыфікацыйных нумароў тэлефонаў са змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі і аўтаматычнага блакавання іх працы, ад 1 ліпеня 2008 года занесці ў дамовы, якія складаюцца з абанентамі, тлумачэнні наконт наступстваў выкарыстання мабільных тэлефонаў са змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі, у тым ліку наконт спынення аказання паслугаў".

У прэс-цэнтры Генпракуратуры патлумачылі, што "вынікі разгляду крымінальных справаў сведчаць, што злачынцы ўсё часцей наўмысна карыстаюцца скрадзенымі раней сродкамі мабільнай сувязі са змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі". "Толькі ў аднаго з аператараў пад адным ідэнтыфікацыйным нумарам выкарыстоўваецца больш за 95 тысяч мабільных тэлефонаў. У той самы час на абслугоўванні гэтага аператара знаходзіцца каля 270 тысяч тэлефонаў са змененымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі", адзначылі ў Генпракуратуры.

Да таго ж, у прэс-цэнтры звярнулі ўвагу на "шматлікія факты рэгістрацыі аператарамі мабільнай сувязі на адну асобу некалькіх дзесяткаў SIM-картаў, якія далей перадаваліся іх уладальнікамі невядомым асобам, што чынілі злачынствы".

На думку пракуратуры, гэта "не толькі стварае перадумовы для крадзяжоў мабільных тэлефонаў, якіх за 5 месяцаў здзейснена больш за 6 тысяч, але і ў цэлым негатыўна адбіваецца на эфектыўнасці барацьбы са злачыннасцю".

Генпракуратура таксама збіраецца прапанаваць механізм кантролю над увозам мабільных апаратаў. "Значная колькасць апаратаў увезена ў рэспубліку без выплаты мытных збораў, у выніку дзяржаве наносіцца асабліва вялікая шкода", адзначылі ў прэс-службе Генеральнай пракуратуры. Яны ж удакладнілі, што механізм кантролю цяпер абмяркоўваецца ва ўрадзе.

Генпракуратура таксама звярнула ўвагу ўсіх карыстальнікаў мабільнай сувязі "на магчымыя негатыўныя наступствы набыцця мабільных тэлефонаў з парушэннем дзейных правілаў", але не ўдакладніла, пра якія менавіта наступствы вядзецца.

Апошнія навіны