Сідорскі сустрэнецца ў Маскве з Пуціным
- 26.06.2008, 13:45
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі накіруецца ў Маскву, дзе 27 чэрвеня запланаванае правядзенне паседжання Савета міністраў «саюзнай дзяржавы».
"Чакаецца, што кіраўнік беларускага ўрада прыме ўдзел у двухбаковай сустрэчы з кіраўніком урада РФ Уладзімірам Пуціным і ў паседжанні «саюзнага» Саўміна, паведамілі "Інтэрфаксу" у прэс-службе беларускага прэм'ера.
Па інфармацыі МЗС, "падчас двухбаковай сустрэчы бакі абгавораць актуальныя пытанні ўзаемадзеяння".
Як чакаецца, падчас паседжання «саюзнага» ўраду будзе разгледжаная справаздача аб выкананні бюджэту «саюзнай» дзяржавы за 2007 год, асноўныя параметры бюджэту на 2009 год, занесеныя змены ў бюджэт бягучага года. Акрамя гэтага, будзе абмеркаваны ход выканання канцэпцыі сацыяльнага развіцця «саюзнай дзяржавы», вынікі выканання планаў сумесных мерапрыемстваў па фармаванні і функцыянаванні аб'яднанай транспартнай сістэмы, вынікі выканання праграмы развіцця мытнай інфраструктуры і іншыя пытанні.