Беларускі жаўнер «вываліўся з акна»
- 4.06.2008, 11:06
Сталі вядомыя падрабязнасці згубы жаўнера ў беларускім войску, пра якую прэс-цэнтр Хартыі'97 паведамляў учора. Агенцтва БелТА перадае, што "жаўнер вываліўся з чацвёртага паверху казармы і разбіўся да смерці".
Менская міжгарнізонная ваенная пракуратура распачала крымінальную справу па факце згубы жаўнера, паведаміў вайсковы пракурор Беларусі Аляксандр Драніца.
Па ягоных словах, у адной з вайсковых частак пад Менскам вайсковец тэрміновай службы ў начны час вываліўся з акна чацвёртага паверху казармы і загінуў. Пакуль асноўнай версіяй прычыны падзення з'яўляецца самагубства. Па звестках пракуратуры, загінулы вайсковец раней у гутарках са сваімі калегамі выказваў намер пакончыць з жыццём.
У межах разгляду крымінальнай справы будзе здзейснена пасмяротная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.
У якіх войсках і ў якой частцы служыў загінулы жаўнер, не паведамляецца. Нагадаем, што гэта ўжо не першы выпадак згубы жаўнераў у войску. Нядаўна стала вядома, што пасля збівання памёр жаўнер элітнай брыгады ПДВ Вадзім Юшко. Па афіцыйнай версіі пракурорскай праверкі - ад захворвання, "атрыманага ў перыяд вайсковай службы", аднак бацькі жаўнера паведамілі, што іх сын сканаў пасля збіванняў калегамі.