Беніта Ферэра-Вальднер: «Беларускія ўлады ўпусцілі магчымасць устаць на шлях дэмакратызацыі»
- 1.07.2008, 15:21
Камісар Еўразвяза па знешняй палітыцы і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер асудзіла новы беларускі закон "Аб сродках масавай інфармацыі".
Як адзначаецца ў заяве камісара ЕЗ, прыняты закон "працягне абмежаванне свабоды прэсы ў Беларусі", паведамляе БелаПАН.
"Я шкадую, што ў гэты закон не былі ўключаныя рэкамендацыі Міклаша Харашці, прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, які супрацоўнічае з беларускімі ўладамі. Гэта была магчымасць для беларускага кіраўніцтва палепшыць становішча СМІ Беларусі, устаўшы на шлях дэмакратызацыі, і гэтая магчымасць выпушчаная", — канстатуе Б.Ферэра-Вальднер. Пры гэтым яна падкрэслівае, што "свабода прэсы — важная складовая частка дэмакратыі".
Еўракамісар заклікала беларускія ўлады "выправіць сітуацыю напярэдадні парламенцкіх «выбараў» 28 верасня".
Б.Ферэра-Вальднер нагадала аб прапанове ЕЗ пашырыць супрацоўніцтва з Беларуссю, калі беларускія ўлады "распачнуць пераканаўчыя крокі ў накірунку дэмакратыі і захаванні правоў чалавека, у прыватнасці, вызваліўшы ўсіх палітычных зняволеных, гарантаваўшы свабоду СМІ і дэмакратычны ход выбарчай кампаніі выбараў у «парламент»". "Падобныя змены да лепшага дазволяць Еўразвязу пайсці насустрач", — гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, законапраект аб СМІ быў прыняты беларускім «парламентам» у рэкордна кароткія тэрміны. 17 чэрвеня ніжняя «палата» прыняла яго ў першым чытанні, 24 чэрвеня — у другім; 28 чэрвеня законапраект быў ухвалены верхняй «палатай». Зараз дакумент павінен падпісаць Лукашэнка. Новы закон уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.
У выпадку прыняцця гэтага дакумента ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, лічаць у Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Найбольшыя турбота ў незалежнай журналісцкай супольнасці выклікае той факт, што ўлады змогуць блакаваць усе інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі.
Паводле праекту закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцый, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні зможа суддзя, пракурор або чыноўнік любога райцэнтра.