Актывістаў АГП прысудзілі да арышту за «нецэнзурную лаянку»
- 11.07.2008, 17:27
Прыблізна ў 15 гадзін затрыманых сёння актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі Кірыла Паўлоўскага, Міхаіла Пашкевіча і Віталя Стажарова адвезлі з Цэнтральнага РУЎС у суд Цэнтральнага раёна Менска.
Кірыл Паўлоўскі быў прысуджаны да 10 сутак арышту, Віталь Стажароў і Міхаіл Пашкевіч – да 15 сутак. Усе трое вінаваціліся ў «нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы», паведамляе сайт ucpb.org.
Судзіла дэмакратычных актывістаў суддзя Цэнтральнага райсуда, Таццяна Паўлючук, сумна вядомая палітычнымі расправамі над апазіцыянерамі.
Падчас паседжанняў В.Стажароў заявіў хадайніцтва аб грамадскім абаронцы, спаслаўшыся на Канстытуцыю. Але Т.Паўлючук хадайніцтва адвергла.
Перад вынясеннем рашэння ў адносінах Міхаіла Пашкевіча суддзя выдаліла з залы ўсіх, хто прыйшоў падтрымаць Міхаіла, а само рашэнне абвясціла, не выдаляючыся на перапынак для прыняцця рашэння, што з'яўляецца грубым працэсуальным парушэннем.
Сведкамі абвінавачвання на судзе выступалі старэйшы сяржант Дзмітрый Туркоў і камандзір падпадзялення Дзмітрый Арбузаў.
Нагадаем, Міхаіл Пашкевіч, Віталь Стажароў і Кірыл Паўлоўскі былі затрыманыя сёння каля 11 гадзінаў у раёне вул.Няміга.