Дэпутаты Эўрапарламэнта заклікалі Эўразьвяз аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі
- 15.07.2008, 10:45
Група сацыялістаў у Эўрапарлямэнце зьвярнулася да кіраўніцтва Эўразьвяза з патрабаваньнем «аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі з тым, каб гарантаваць дэмакратычныя выбары».
«Вельмі цяжка прадбачыць любыя істотныя зьмены ў перадвыбарнай сытуацыі ў Беларусі», -- заявіў віцэ-прэзыдэнт групы сацыялістаў у Эўрапарлямэнце Ян Марынус Вірсма.
«Я баюся, што яны чарговым разам ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі» , -- адзначыў дэпутат Эўрапарламэнта.
Група сацыялістаў у Эўрапарлямэнце з’яўляецца другой паводле колькасьці ды ўплыву на фармаваньне грамадзкай думкі ў краінах кантынэнту. Яна - арганізатар дыскусіі, прысьвечанай перадвыбарнай сытуацыі ў Беларусі, умовам правядзеньня выбараў ды пэрспэктывам беларускіх левых партый, якая павінна прайсьці сёньня ў Брусэлі.
Ад беларускага боку ў ёй возьмуць удзел лідэры дзьвюх сацыял-дэмакратычных партый зь Беларусі: Станіслаў Шушкевіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада) і Мікалай Статкевіч (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада)), а таксама Вольга Казуліна, дачка палітвязьня і старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на інтэрнэт-сайт парлямэнцкай групы.
Круглы стол ў Эўрапарлямэнце пачнецца а 17-й гадзіне паводле мясцовага часу.