BE RU EN

Анатоль Лябедзька: «Кадравыя ракіроўкі на карысьць Віктара Лукашэнкі»

  • 16.07.2008, 13:41

Лідэр Аб'ядананай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што наступствамі выбуху 4 ліпеня скарысталася група Віктара Лукашэнкі: “Яны сёньня працягваюць піць шампанскае. Кадравыя ракіроўкі на іх карысьць”.

Новых прызначэнцаў на пасады кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі і старшыні КДБ Лябедзька ня лічыць значнымі палітычнымі фігурамі ў адрозьненьне ад таго ж Віктара Шэймана ці Івана Ціцянкова.

“Памятаеце, калі Ціцянкоў сышоў, наступныя кіраўнікі справаў прэзыдэнта былі дробнымі фігурамі. Так і тут... Патрэбны час на адаптацыю, назапашваньне палітычнага капіталу, каб уплываць на сытуацыю. Галоўным гульцом будзе заставацца Аляксандр Лукашэнка, што да астатніх фігур, то нікога моцнага ў ягоным атачэньні няма, апрача хіба што сына Віктара”, -- заявіў палітык у інтэрв’ю “Радыё Свабода”.

Паводле Лябедзькі, Юры Жадобін не ўзьняўся і не апусьціўся ў часе апошняга прызначэньня, ён зьмясьціўся па гарызанталі. Ён, армейскі генэрал, быў выпадковай фігурай у крэсьле кіраўніка спэцслужбы, і не стаў там уплывовай фігурай.

А вось Уладзімер Макей істотна ўзьняўся па ўладнай вэртыкалі, і пайшоў не па прыступках, а пераляцеў праз цэлыя пралёты, мяркуе Лябедзька.

“У мяне былі камунікацыі з Макеем пад час працы ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. З чалавечага пункту гледжаньня ён выклікае пэўныя сымпатыі. Ён ніколі не цураўся сустрэч з прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі і быў даволі адкрыты для размовы, дэманстраваў нейкую прыхільнасьць эўрапейскім каштоўнасьцям. Хаця на сёньня складана сказаць, ці гэта былі ідэалягічныя перакананьні чалавека ці проста рэакцыя на тое месца, дзе ён знаходзіўся. Разам з тым гэта чалавек, блізкі да Віктара Лукашэнкі, зь ягонай каманды”, -- сказаў палітык.

Анатоль Лябедзька перакананы, што ўлады выкарыстаюць кадравыя зьмены, паказваючы, што старая гвардыя, за якой цягнуцца зьнікненьні палітыкаў, адыходзіць са сцэны, прыходзіць новыя людзі, і гэта азначае, што можна адносіны з Эўропай пісаць з чыстага ліста.

“Для беларускіх уладаў характэрна, што яны адначасова могуць рэалізоўваць два пляны, якія, на першы погляд, адзін аднаму супярэчаць: дэманстраваць лібэралізацыю на заходнім кірунку і ў той жа час узмацняць рэпрэсіі ўнутры краіны”,-- перакананы Лябедзька.

Апошнія навіны