Ціск на дэмакратаў працягваецца: зноў ператрусы
- 16.07.2008, 15:21
У Беларусі працягваюцца ператрусы ў кватэрах дэмакратычных актывістаў у сувязі з выбухам 4 ліпеня ў Менску.
Як паведаміў БелаПАН сябра прэзідыўма Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч, увечары 15 ліпеня адбыўся ператрус у старшыні першаснай арганізацыі БСДП (Грамада) Кастрычніцкага раёна Магілёва Ўладзіміра Юрчанкі.
"Увечары 15 ліпеня да яго дамоў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і чалавек у цывільным, якія прад'явілі санкцыю пракурора і ордэр на ператрус. Як заявілі праваахоўнікі, паступіў сігнал аб тым, што ў Юрчанкі знаходзяцца нейкія выбуховыя рэчывы. Аднак яны нічога не знайшлі", — паведаміў А.Сідарэвіч..
Па паведамленні праваабаронцаў, сёння жа праходзіць ператрус у былога ўдзельніка незарэгістраванай арганізацыі "Правы альянс" Юрыя Карэтнікава. Яму таксама прад'явілі ордэр на ператрус супрацоўнікі міліцыі і КДБ, што прыйшлі да яго дамоў.
Паводле апошніх дадзеных праваабаронцаў, па справе аб выбуху ў Менску 4 ліпеня затрыманымі застаюцца 10 чалавек.
Увечары 12 ліпеня са следчага ізалятара КДБ былі вызваленыя актывіст моладзевай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі "Маладыя дэмакраты" Аляксандр Сяргіенка, актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Павел Кур'яновіч і лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі свабодыСяргей Высоцкі. Таксама 15 ліпеня са следчага ізалятара ГУЎС Менгарвыканкама быў вызвалены грамадзянін Расеі Ўладзімір Бялонін.