Няма чым плаціць за газ? (Відэа)
- 16.07.2008, 19:40
Беларусь не выконвае свае абавязацельствы па аплаце расейскага газу. 16 ліпеня падчас сустрэч з генеральным дырэктарам "Белтрансгаза" Уладзімірам Майоравым намеснік старшыні кіравання ААТ "Газпрам" Аляксандр Ананенкаў папярэдзіў улады Беларусі аб магчымасці звароту "Газпрама" ў суд у выпадку неаплаты пазыкі.
Як гаворыцца ў прэс-рэлізе "Газпрама", адмысловая ўвага была нададзеная неабходнасці поўнай аплаты бягучых паставак расейскага газу ў Беларусь у дакладнай адпаведнасці з умовамі кантракту на пастаўку і транзіт газу ў 2007-2011 гадах.
Падчас сустрэч А.Ананенкаў адзначыў, што "у выпадку наступнага невыканання беларускім бокам абавязацельстваў па поўнай аплаце расейскага газу, "Газпрам" пакідае за сабой права звярнуцца ў суд", адзначаецца ў паведамленні.
http://www.ntv.ru/news/videoRub.swf?link=http://news.ntv.ru/v136240/&num=1
Пры гэтым на сустрэчы было падкрэслена, што, у адпаведнасці з кантрактам, з пачатку 2008 года кошт газу для рэспублікі разлічваецца па формуле кошту, яі з'яўляецца самым камфортным у пастаўках газу "Газпрама" у краіны СНД і Еўропы, гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Беларусь пагражае падвысіць кошт транзіту расейскай нафты
Заявы "Газпрама" аб звароце ў суд у выпадку неаплаты кошту газу Беларуссю - гэта частка перагаворнага працэсу паміж пастаўшчыком спажыўцом газу, заявіў агенцтву "Інтэрфакс-Захад" першы намеснік міністра энергетыкі Эдуард Таўпянец.
"Гэта ідзе перагаворны працэс", - сказаў Э.Таўпянец, каментуючы па просьбе агенцтва "Інтэрфакс-Захад" заяву ААТ "Газпрам" аб тым, што ў выпадку неаплаты кошту газу Беларуссю расейскі пастаўшчык змушаны будзе звяртацца ў суд. Па словах першага намміністра, перамовы аб пастаўках газу заўсёды ішлі няпроста і былі пабудаваныя на кампрамісах. "І у гэты раз мы шукаем кампраміс", - сказаў Э.Таўпянец.
"У кожнага бока свая цікавасць і яна яго дамагаецца. Нашая мэта - дамагчыся максімальна нізкага кошту газу для сваёй краіны. Пакуль у нас будуць хоць нейкія аргументы, мы будзем іх выкарыстоўваць", - сказаў Э.Таўпянец. У цяперашні час, па ягоных словах, такі аргумент - кошт транзіту расейскага газу па тэрыторыі Беларусі. "Мы лічым, што калі павялічваецца кошт на газ, то павялічваюцца і выдаткі па прапампоўцы, а, значыць, і кошт транзіту", - растлумачыў першы намміністра. "У той жа час дадатковая дамова па транзіце ў нас так і застаецца непадпісанай", - дадаў ён.
Як раней паведамляў прэс-цэнтр Хартыі'97, Беларусь не выконвае свае абавязацельствы па аплаце расейскага газу. У другім квартале 2008 года беларусы заплацілі за газ па коштах першага квартала, у то час як па дамове ад 31 снежня 2007 года кошт на газ для Беларусі прывязаны да еўрапейскага кошту і ў першым квартале 2008 года склаў 119 даляраў, а ў другім — ужо 128 даляраў за тысячу кубаметраў газу. З красавіка краіна недаплачвае за газ па $9 за 1000 куб. м, сцвярджаюць «Газпрам» і расейскія чыноўнікі.
Беларусь закупляе ў Расеі штогод каля 20 мільярдаў кубаметраў газу ў год. Такім чынам, запазычанасць за квартал можа скласці да 45 мільёнаў даляраў.