Андрэй Саннікаў: «Герэмак ведаў, што недапушчальна заляцацца да рэжыму Лукашэнкі»
- 21.07.2008, 9:21
Вестка аб трагічнай смерці Браніслава Герэмка прымусіла зноў згадаць пра польскую "Салідарнасць", адным са стваральнікаў якой ён быў.
Прафесар Герэмак кіраваў групай дарадцаў Леха Валенсы. Браніслаў Герэмак быў і застаецца адным з найвядомых палякаў, якія зрабілі шмат для таго, каб Польшча ўз'ядналася з Еўропай, што здабылі заслужаны аўтарытэт у свеце. Яго ведалі і ў Беларусі, дзе ў яго было нямала знаёмых. Сярод іх намеснік міністра замежных справаў (1995-1996 г.), адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, які пагадзіўся адказаць на пытанні польскага часопіса незалежных публіцыстаў «Коntrateksty».
-- Як і калі адбылося вашае першае знаёмства з прафесарам Герэмкам?
-- Калі не памыляюся, пазнаёміліся мы ў 1997 годзе на канферэнцыі ў Natolin. Менавіта на той канферэнцыі прафесар Герэмак, тады дэпутат Сойма, сказаў фразу, якую сёння застаецца актуальнай: "Дапамога дэмакратыі ў Беларусі - маральны абавязак Польшчы". Гады два таму ў Брусэлі я нагадаў ужо дэпутату Еўрапарламента Браніславу Герэмку пра яго словы, і ён паўтарыў іх у сваёй прамове, звяртаючыся да аб'яднанай Еўропы і ўсяго дэмакратычнага свету.
Згуба барацьбіта за волю Браніслава Герэмка - велізарная страта для палякаў, беларусаў, еўрапейцаў, усіх людзей свету, каму дарагія ідэалы свабоды і дэмакратыі. Гэта быў выбітны палітык і выбітны чалавек. Бліскучы аратар і лідэр інтэлектуальнай еўрапейскай думкі, ён не пакідаў абыякавым нікога. У сваіх праніклівых і эмацыйных выступах ён казаў, па сутнасці, пра адно: пра волю.
-- Так здарылася, што калі Вы сышлі ў адстаўку з пасады намесніка міністра замежных справаў Беларусі на знак пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі, праз пэўны час польскі МЗС узначаліў Браніславаў Герэмак – жорсткі крытык кіруючага рэжыму ў Беларусі. Як яго прыход у МЗС паўплываў на беларуска-польскія адносіны?
-- Паўплываў значна. Пры ім Польшча год была старшынёй АБСЕ, пры ім адкрылася місія АБСЕ ў Менску, насуперак супраціву Лукашэнкі. Ён шчыра імкнуўся скарыстаць усе магчымасці для змены сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку і ў сваіх кантактах з беларускімі ўладамі. Менавіта Герэмак быў ініцыятарам пошуку кампрамісу ў Польшчы ў канцы 80-х. Яго ідэі дазволілі Польшчы стаць лакаматывам зменаў ва ўсёй Усходняй Еўропе, унікнуць крывавага канфлікту ў польскім грамадстве і прывесці Польшчу ў аб'яднаную Еўропу.
Герэмак, калі яму даводзілася мець справу з беларускімі ўладамі, заўсёды падкрэслена настойваў на сустрэчах з апазіцыяй. Так было пры адкрыцці місіі АБСЕ у Менску ў 1998 годзе або, напрыклад, пасля яго сустрэчы з міністрам замежных справаў Беларусі ў Жэневе, калі ён прыняў мяне ў сваім кабінеце ў прадстаўніцтве Польшчы. Дарэчы, цікавая дэталь: неўзабаве пасля пачатку нашай сустрэчы быў званок прэзідэнта Квасьнеўскага. Я выйшаў з кабінета і даволі доўга чакаў, пакуль прэзідэнт і міністр скончаць гутарку. Калі Герэмак запрасіў мяне ўвайсці, ён выглядаў вельмі ўстрывожаным і патлумачыў свой стан: Яўген Прымакоў, тагачасны прэм'ер Расеі, разгарнуў самалёт над Атлантыкай і адмяніў свой візіт у ЗША. Гэта было ў сакавіку 1999 года. Ацэнкі міністра Герэмка былі жорсткімі: Расея зацікаўленая ў эскалацыі напружанасці з-за падзеяў у Югаславіі, што небяспечна і для Польшчы, і для Еўропы. Нягледзячы на сусветны крызіс, які патрабаваў тэрміновай увагі міністра Герэмка, мы працягнулі абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі.
-- Што за гісторыя адбылася, калі кіраўнік МЗС Польшчы Браніславаў Герэмак насуперак меркаванню прэзідэнта Квасьнеўскага дамогся адклікання дадому польскага амбасадара ў Беларусі?
---Гэта таксама сведчыць пра прынцыповасць Браніслава Герэмка. Ён не мог працаваць з амбасадарам, які даволі адкрыта заляцаўся да рэжыму Лукашэнкі. Гэты вонкава мяккі і ў найвышэйшай ступені інтэлігентны чалавек мог быць вельмі жорсткім пры адстойванні прынцыпаў.
-- Нядаўна вы выступілі з рэзкай крытыкай тых, хто ў Польшчы не падтрымлівае палітыку санкцыяў адносна рэжыму Лукашэнкі. Вы гэта назвалі здрадай ідэалам "Салідарнасці", адным са стваральнікаў якой быў Браніслаў Герэмак. Ці была яго рэакцыя на гэтую крытыку?
-- Не ведаю, мы не настолькі блізка зносіліся. Але ў пазіцыі прафесара Герэмка я не сумняюся. Не так даўно на форуме ў Празе ён нагадаў, што ў Беларусі існуе "апошняя дыктатура Еўропы" і еўрапейцам нельга заплюшчваць на гэта вочы, недапушчальна заляцацца да рэжыму Лукашэнкі. Калі б палітыку ЕЗ адносна Беларусі вызначаў Герэмак, ён бы ні на цалю не адступіў ад прынцыпаў дэмакратыі і павагі правоў чалавека. Нам будзе вельмі неставаць вялікага паляка і еўрапейца Браніслава Герэмка.
Пытанні задаваў Раман Якаўлеўскі
ДАВЕДКА
Саннікаў Андрэй Алегавіч.
Нарадзіўся ў 1954 годзе ў горадзе Менску.
Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў (1977), Дыпламатычную акадэмію МЗС СССР у Маскве (1989). З 1991 у Міністэрстве замежных справаў Беларусі. Быў намеснікам міністра замежных справаў Рэспублікі Беларусь (1995-1996).
Напярэдадні рэферэндуму (лістапад 1996 года) сышоў у адстаўку на знак пратэсту супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Міжнародны каардынатар "Хартыя' 97" і адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь"