BE RU EN

Міраслаў Лазоўскі: «Па справе аб выбуху са мной у камеры сядзелі студэнт, кампутарнік і працоўны з заводу»

  • 21.07.2008, 10:55

Пра тое, як адбываліся затрыманні па справе аб выбуху і пра што запытвалі апазіцыянераў у КДБ, прэс-цэнтру Хартыі'97 распавядаюць дэмакратычны актывіст Міраслаў Лазоўскі і яго жонка Ніна Шыдлоўская.

Нагадаем, што Міраслаў Лазоўскі, як і іншыя актывісты апазіцыі, правёў у ізалятары 10 сутак.

-- Міраслаў, як адбывалася Вашае затрыманне?

- Мяне затрымалі супрацоўнікі гарадскога ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі каля працы. Мы паехалі ва ўпраўленне, дзе мяне дапыталі і паказалі пастанову аб маім затрыманні. У гэты час у маёй кватэры цягам 6 гадзінаў праходзіў ператрус. Удома гэтым часам былі мая маці і жонка Ніна Шыдлоўская. Там нічога знайшлі, толькі сімволіку, звязаную з тым, што я некалі быў сябрам арганізацыі "Белы легіён". Потым мяне прывезлі ў Следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання на вуліцы Сапёраў на допыт. Фармулёўку затрымання яны прыдумалі вельмі зручную - "з непасрэдна ўзніклых падазрэнняў". Расплывістая фармулёўка, пагадзіцеся. У часе свята я быў удома, нікуды не выходзіў, але мяне ўсё роўна затрымалі. Зразумела, што галоўная прычына толькі ў тым, што я некалі быў сябрам "Белага легіёну"

-- Пра што ў Вас пыталіся следчыя ў часе допытаў?

-- Мы доўга размаўлялі. Перадусім у мяне, вядома, пыталіся, дзе я быў 3 ліпеня, ну а далей цікавіліся родам дзейнасці арганізацыі "Белы легіён". Думаю, што, у выніку, яны ўсімі арганізацыямі зацікавяцца. Самі разумееце, цяпер яны ладзяць маштабную працу. У мяне склалася ўражанне, што на нейкім этапе яны падазравалі менавіта "Белы легіён", але потым адбыліся масавыя ператрусы, затрыманні, і выявілася, што ніхто з былых сябраў арганізацыі да выбуху не датычны.

-- Затрымлівалі таксама актывістаў іншых моладзевых арганізацый, партый БНФ і АГП, грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь"...

-- Так, я даведаўся пра гэта, калі выйшаў на волю. Нічога дзіўнага. Натуральна, што яны будуць, перадусім, затрымліваць актывістаў апазіцыі. Паўтару, што ў іх ёсць для гэтага зручная фармулёўка - "з непасрэдна ўзніклых падазрэнняў". Калі нас знаёмілі з матэрыяламі экспертызаў, у канцы дакумента стаялі прозвішчы каля 30 чалавек, якія з імі ўжо пазнаёміліся. Магчыма, затрымлівалі значна больш. Казалі, што ізалятар часовага ўтрымання на Акерэсціна перанасялілі…

-- У якіх умовах даводзілася адбываць арышт?

-- Апошнія некалькі дзён у маёй камеры сядзелі пяць чалавек, затрыманых па справе выбуху. Я, Сяргей Чыслаў, а таксама студэнт, кампутарнік і працоўны з заводу. Студэнта затрымалі, таму што ён даўно праходзіў як сведка па нейкай справе аб выбуху, працоўны прыцягваўся некалі за захоўванне зброі. Кампутарніка затрымалі, мяркую, таму, што ён на нейкім форуме нешта пісаў пра выбух…

У дзень, калі вызвалілі Міраслава Лазоўскага, у Следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання выклікалі яго жонку Ніну Шыдлоўскую. Пра тое, як праходзіў допыт, прэс-цэнтру Хартыі'97 распавяла Ніна Шыдлоўская, якая з'яўляецца намесніцай старшыні Задзіночання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

-- У Следчым упраўленні мне задавалі ўдакладняльныя пытанні наконт канфіскаваных з нашай кватэры рэчаў. Зноў пыталіся, дзе Міраслаў быў 3 ліпеня. Бадай, нягледзячы на вызваленне актывістаў апазіцыі, яны працягваюць адсочваць усю інфармацыю і "апякаць" былых сябраў арганізацыі "Белы легіён".

Ператрус у нашай кватэры цягнуўся 6 гадзін. Яго праводзілі супрацоўнікі КДБ і кінолаг з сабакай. Яны вельмі напужалі пажылых бацькоў Міраслава, ім па 74 гады. Яны пазванілі не ў дамафон, а адразу ў дзверы. Маці прыадчыніла дзверы, а яны адразу забурыліся ўсім натоўпам… Забралі сістэмны блок кампутара і дагэтуль не вярнулі. Усе рэчы знаходзяцца ва ўпраўленні КДБ: нататнікі, старыя налепкі, іншыя інфармацыйныя матэрыялы. У мяне засталіся з часоў навучання ў цэнтры Маршала візітоўкі вайскоўцаў з розных краін свету. Нягледзячы на тое, што я ім тлумачыла, што гэта дзяржпраграма, візітоўкі іх страшэнна зацікавілі. Зразумела, што нічога датычнага выбуху яны не знайшлі.

-- Чаму, мяркуеце, быў арыштаваны Ваш муж і іншыя актывісты апазіцыі?

-- Для мяне, чым далей, тым больш робіцца відавочным, што пачалі яны з "Белага легіёну", а потым сталі затрымліваць усіх астатніх, таму што трэба было тэрмінова паказаць нейкія дзеянні, нейкую актыўную працу, нейкія напрацоўкі. Паказальным быў каментар прадстаўніка ўпраўлення КДБ па Менску Кузняцова, які сказаў, што затрыманыя правяраюцца "па факце прыналежнасці да незарэгістраваных радыкальных арганізацый".

Апошнія навіны