BE RU EN

Міхаіл Залескі: Бензін падаражэе на 25%

  • 22.07.2008, 10:44

З заўтрашняга дня ў Беларусі ізноў падаражэе бензін і дызпаліва. Улічваючы, што гэта ўжо трэцяе падвышэнне коштаў на аўтамабільнае паліва за гэтае лета, рэкамендуемы паставіцца да падаражэння спакойна. Яно, судзячы па ўсім, сёлета не апошняе, а таму нервы яшчэ спатрэбяцца.

Цяперашняе падвышэнне коштаў, як і мінулае, якое здарылася 6 ліпеня, нязначнае. У сярэднім гаручае падаражэе на 5,1–5,4%. Кошт бензіну А-76 (Н-80) складзе 1950 рублёў за 1 літр (+100 руб.), бензіну АІ-92 – 2470 рублёў (+120 руб.), бензіну АІ-95 – 2810 рублёў (+140 руб.), дызпаліва – 2240 рублёў (+110 руб.). «Ежедневник» папрасіў падзяліцца сваім меркаваннем з нагоды беларускай бензінавай палітыкі незалежнага эканаміста Міхаіла Залескага.

На ваш погляд, ці мае сэнс паднімаць кошты на аўтамабільнае паліва па-троху? Можа, варта было б адразу шандарахнуць па спажыўцах вялікімі тарыфамі, а потым чакаць, пакуль аклямаюцца?

– Сістэма Белнафтахіма дрэнна ўспрымае маніпуляцыі з экспартнымі пошлінамі на нафту і нафтапрадукты. З-за таго, што прыходзіцца плаціць гэтыя пошліны расейцам, дадзеная сістэма выглядае не надта эфектыўна. З іншага боку, на сусветным фоне нашыя кошты на бензін выглядаюць вельмі прагрэсіўна. Яны не занадта адрозніваюцца ад амерыканскіх. Праўда, заробкі ў нас крыху ніжэй. Але наш плаўны рост, мне здаецца, адбываецца таму, што ў нас усё робіцца без стратэгіі. Гэта не запланаваны рост коштаў. Гэта стыхійныя змены. Урад не кіруе працэсам, а ідзе на паваду ў яго. У выніку ў краіне ідзе глабальная перабудова, якая не залежыць ад уладаў.

Але ж, як сказана ў афіцыйным каментары, «падвышэнне абумоўленае ростам кошту на нафту і прынятае ў мэтах забеспячэння прывабнасці працы прадпрыемстваў канцэрна на ўнутраным рынку». Кіраўніцтва працэсам адлюстраванае…

– Я не думаю, што хтосьці пралічваў, як паўплывае гэтае падвышэнне коштаў, да прыкладу, на вываз буракоў з палёў або на іншыя транспартныя выдаткі. Людзі, магчыма, палічаць, ці варта ім вырошчваць памідоры ў сябе на лецішчы і ездзіць за імі кожныя выходныя або купіць на рынку. І зробяць высновы. А як паўплываюць новыя тарыфы на прадпрыемствы, на ўсю эканоміку? Рост коштаў на бензін цягне іншыя кошты. У выніку, забяспечваючы прывабнасць працы прадпрыемстваў канцэрна, хтосьці становіцца менш прывабным. Але гэта ўрадам не пралічваецца.

А ці можна было б ў Беларусі абыйсціся без росту коштаў на бензін?

– Не. Справа ў тым, што мы ўсё жа ўключаныя ў глабальны рынак і залежныя ад двух рэчаў: ад валюнтарысцкіх паводзін здабытчыкаў валюты і ад аб'ектыўных умоваў рынка. І гэта дае такі кактэйль Молатава. Аднак тлумачыць нашае бензінавае падаражэнне як рэакцыю на рынкавыя змены нельга. Рынкавая рэакцыя – гэта калі на Нью-йоркскай біржы нешта вырасла – і ў нас гэта рэхам адбілася. Але ў нас жа такога не адбываецца. У нас падвышэння не прагназуюцца, а прадказваюцца. Я вось сказаў у пачатку года, што ў нас бензін падаражэе на 25%. Але гэтае маё такое адчуванне было, прадбачанне.

І яно, падобна, спраўджваецца.

– Розніца паміж прагнозамі і прадказаннямі складаецца ў тым, што прагноз робіцца на аснове нейкіх дадзеных, заканамернасцяў. А у нас заканамернасці, як правіла, не эканамічнага, а палітычнага характару. І эканамісты прагназаваць іх не бяруцца.

Апошнія навіны