BE RU EN

Сербія аддае Караджыча Гаагскаму трыбуналу. Расея не ўмешваецца

  • 22.07.2008, 14:00

Сербскія ўлады прынялі рашэнне аб перадачы Радавана Караджыча пад юрысдыкцыю Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі. Аб гэтым паведаміў у аўторак спецыяльны пракурор Уладзімір Вукчэвіч на прэс-канферэнцыі ў Белградзе.

Экстрадыцыя арыштаванага раней Радавана Караджыча ў Гаагу адбудзецца пасля захавання неабходных фармальнасцяў. Пракурор адзначыў, што Караджыч пасля допыту быў азнаёмлены з тэкстам абвінавачвання, перадае Lenta.ru са спасылкай на AFP

Былы прэзідэнт Рэспублікі Сербскай быў арыштаваны, паводле версіі ўладаў, 21 ліпеня і дастаўлены на допыт у суд па вайсковых злачынствам у Белградзе. Адвакат Радавана Караджыча выступіў пасля допыту са зваротам для прэсы, у якім перадаў словы арыштаванага. Караджыч сцвярджае, што аперацыя па ягоным затрыманні была праведзеная ў пятніцу, 18 ліпеня ў прыгарадзе Белграда. Адвакат удакладніў, што ягоны падабаронны быў выведзены з прыгараднага аўтобуса і вывезены ў невядомым накірунку, пасля чаго Караджыча трое сутак трымалі ў нейкім пакоі, а ўжо потым адвезлі на допыт.

Прадстаўнікі працоўнай групы па супрацоўніцтве з Гаагскім трыбуналам далі ў аўторак у Белградзе прэс-канферэнцыю, падчас якой распавялі журналістам некаторыя падрабязнасці аб арышце. На брыфінгу было абвешчана аб тым, што да арышту Радаван Караджыч вёў медычную практыку ў Белградзе пад выдуманым іменем.

Міжнародныя арганізацыі ўхвалілі навіну аб затрыманні былога лідэра баснійскіх сербаў. Афіцыйныя прадстаўнікі Гаагскага трыбунала, НАТА і Еўразвяза назвалі арышт Караджыча крокам на шляху Сербіі ў Еўразвяз. У сваю чаргу МЗС Расеі дыстанцаваўся ад сітуацыі і падаў сербскім уладам самім вырашаць пытанне аб лёсе Караджыча.

У сувязі з арыштам Радавана Караджыча ў Сербіі і Босніі і Герцагавіне прайшлі масавыя дэманстрацыі. Жыхары Сараева адкрыта прывіталі вестку аб арышце. У Белградзе навіна выклікала стыхійны мітынг сербскіх радыкалаў, некалькі актывістаў ультраправых партый былі затрыманыя.

Нагадаем, што Караджыча непасрэдна вінавацяць у аддачы загадаў страляць па мірным насельніцтве падчас 43-месячнай аблогі Сараева, а таксама ў дачыненні да забойства васьмі тысяч мусульман у Срэбраніцы. Падзеі ў гэтым горадзе, на ўсходзе Босніі, адразу жа былі расцэненыя сусветнай супольнасцю як непрыкрыты акт генацыду.

З 1997 года Караджыч сышоў у падполле. Месцы, дзе ён мог хавацца, на цэлых 11 гадоў сталі прадметам шматлікіх здагадак у сусветных палітычных кругах. Абвінавачванні ў вайсковых злачынствах супраць Караджыча МТБЮ высунуў 25 ліпеня 1995 года. За інфармацыю аб ім і ягоным паплечніку Ратка Младзічы была абвешчаная ўзнагарода ў 5 млн даляраў.

Апошнія навіны