Менцюка могуць экстрадаваць у Беларусь
- 24.07.2008, 13:19
Генеральная пракуратура Беларусі накіравала расейскім калегам матэрыялы для экстрадыцыі Рамана Менцюка.
Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення па наглядзе за працэсуальнай дзейнасцю органаў унутраных спраў Генеральнай пракуратуры Беларусі Валерый Кавальчук, перадае «Інтэрфакс».
"Матэрыялы на экстрадыцыю Р.Менцюка накіраваныя ў Генпракуратуру Расеі. Працэс экстрадыцыі дадзенай асобы пачаты", - паведаміў В.Кавальчук. Пры гэтым ён дадаў, што "нажаль, з Расеяй узнікаюць часам праблемы пры экстрадыцыі абвінавачваных. Паводле расейскага заканадаўства яны маюць права шматступенна абскардзіць рашэнне аб экстрадыцыі". Пры гэтым В.Кавальчук удакладніў, што "таму экстрадыцыя можа расцягнуцца на паўгады і год".
Як раней паведамлялася, 2 мая 2008 года на трасе Менск-Мікашэвічы супрацоўнікі міліцыі выставілі "жывы шчыт" з аўтамабіляў грамадзян, у якіх знаходзіліся людзі, каб спыніць п'янага Р.Менцюка, які ехаў з хуткасцю больш за 160 км у гадзіну. Р.Мянцюк заехаў у "жывы шчыт", у выніку чаго пацярпелі 5 чалавек. Двое супрацоўнікаў ДАІ за перавышэнне службовых паўнамоцтваў прысуджаныя да двух гадоў умоўна кожны і звольненыя з органаў унутраных спраў.