Напад на амбасаду Літвы ў Менску (адноўлена)
- 25.07.2008, 10:54
У ноч на 25 ліпеня ў Менску быў здзейснены акт вандалізму супраць амбасады Літвы ў Беларусі.
Як паведаміла “Нашай Ніве” другі сакратар амбасады Крысціна Паканітэ, уначы ў будынак амбасады была кінута бутэлька з фарбай, улёткі нацыянал-бальшавіцкай партыі, а сімволікай НБП размаляваны плот.
Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас выказаў пратэст афіцыйным асобам Міністэрства замежных справаў Беларусі з патрабаваннем высвятліць сітуацыю, знайсці вінаватых і трымацца выканання нормаў Венскай канвенцыі 1961 г.
"Літва патрабуе разабрацца ў сітуацыі, выявіць вінаватых і здзейсніць захады, каб далей не парушаўся імунітэт амбасады Літвы і выконваліся ўсе нормы Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах", паведамілі "Інтэрфаксу" у Дэпартаменце інфармацыі і друку МЗС Літвы.
Па гэтым факце вядзецца следства. Прыпынены прыём дакументаў на візы.
Заўвага www.charter97.org: Здзіўляе, што ўлады бяздзейнічаюць у выпадку ўсё часцейшых злачынных дзеянняў гэтак званых "нацболаў". Нагадаем, што намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч 4 ліпеня, адразу пасля выбуху ў Менску, заклікаў супрацоўнікаў міліцыі звярнуць увагу на прафашысцкія арганізацыі.
"Яшчэ год таму да дзвярэй Управы БНФ была прывязаная бомба. Супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС выклікалі сапёраў. Бомба аказалася муляжом, начыненым улёткамі “нацболаў” і нейкай арганізацыі камуністычнай моладзі.
Ужо тады мы папярэджвалі міліцыю, што такія жарты з бомбамі добра не скончацца, што трэба шукаць гэтых "жартаўнікоў". Але ўлады нікога не шукалі. Падобна, што акцыю ўчынілі тыя, хто выступае супраць незалежнасці Беларусі, і ў прынцыпе гэта тыя самыя арганізацыі, якія выступаюць за ліквідацыю Беларусі і ўваход яе ў Расею ўсімі абласцямі. Уладзе варта звярнуць увагу на гэтыя тэрарыстычныя арганізацыі, факт тэрарыстычнага хуліганства якіх супраць патрыятычных арганізацыяў Беларусі даўно вядомы", -- заявіў Віктар Івашкевіч у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі'97.
Замест гэтага, улады арыштоўваюць, выклікаюць на допыты і абшукваюць актывістаў апазіцыі. Прафашысцкія ж арганізацыі працягваюць здзяйсняць бясчынсты.