BE RU EN

Караджыч затрымоўваўся паліцыяй у Аўстрыі

  • 28.07.2008, 7:36

Былы лідэр баснійскіх сербаў Радаван Караджыч некаторы час хаваўся ад правасуддзя ў Вене, дзе затрымоўваўся мясцовай паліцыяй, паведамляецца на сайце брытанскай газеты The Telegraph.

Па дадзеных выдання, якое цытуе Lenta.ru, Караджыч пражыў у сталіцы Аўстрыі паўгады, маючы харвацкі пашпарт на імя Петара Глумача (Petar Glumac). У 2006 годзе ён здымаў пакой у сербскіх імігрантаў Душана і Весны Янковіч у 15 акрузе Вены. Там ён займаўся лекарствам, атрымаўшы вядомасць пад мянушкай "дзед Пера". Па словах Весны Янковіч, дзед Пера прымаў пацыентаў прама ў сваім пакоі, робячы ім масажы, і нават па дамоўленасці з Янковічамі выплачваў масажамі плату за арэнду пакоя.

За час знаходжання ў Вене Караджыч аднойчы быў затрыманы элітным падпадзяленнем паліцыі "Кобра". Лекара западозрылі ў забойстве чалавека падчас гульні у покер, якое, як высвятлілася пазней, здзейсніў Душан Янковіч. На допыце Караджыч паводзіў сябе спакойна, і ягоныя фальшывыя дакументы і легенда не выклікалі ніякіх падазрэнняў у паліцыі, пасля чаго яго адпусцілі.

Раней ужо паведамлялася, што Караджыч наведваў Аўстрыю. Аб лекары па імені Пера ўспомніла шлюбная пара Граф. Вядома таксама, што Караджыч адзін час працаваў у белградскай клініцы пад імем Драгана Дабіча, пісаў артыкулы ў медыцынскія часопісы і як лекар наведваў Харватыю і Расею.

Радаван Караджыч быў затрыманы 18 ліпеня 2008 года ў прыгарадзе Белграда. Былы лідэр баснійскіх сербаў вінаваціцца Міжнародным трыбуналам па былой Югаславіі ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавецкасці падчас балканскай вайны 1992-1995 гадоў. Чакаецца, што хуткім часам ён будзе экстрадаваны ў Гаагу, дзе паўстане перад вайсковым трыбуналам.

Апошнія навіны