BE RU EN

Па сцвярджэнні кіраўніка БелаПАН, Ярмошына адказала на ўсе пытанні

  • 29.07.2008, 16:36

Кіраўнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай сёння распаўсюдзіў інфармацыю наступнага зместу:

28 ліпеня 2008 года ў офісе БелаПАН адбылася онлайн-канферэнцыя са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. У той жа дзень на сайце грамадскага руху Хартыя-97 была апублікаваная ілжывая інфармацыя пра гэтую прадзею.

Канферэнцыя праводзілася на сайце прыналежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН інтэрнэт-газеты "Беларускія навіны". Пытанні кіраўніку ЦВК мог задаць любы чытач інтэрнэт-газеты на яе форуме, па электроннай пошце альбо праз адмысловую форму, пачынаючы з 26 ліпеня, калі быў размешчаны анонс анлайн-канферэнцыі, да яе завяршэння. Адказы Л.Ярмошынай адразу жа публікаваліся на сайце. Онлайн-канферэнцыя доўжылася каля двух гадзін, поўны тэкст знаходзіцца па гэтай спасылцы.

У нататцы "Усе жадалі спытаць у Ярмошынай: "Колькі можна хлусіць?", апублікаванай на сайце Хартыі-97 са спасылкай на прэс-цэнтр гэтай арганізацыі, утрымоўваецца ілжывае сцвярджэнне, што "большасць удзельнікаў анлайн-канферэнцыі задавалі Ярмошынай адное і тое ж пытанне: "Колькі можна хлусіць?". На самой справе пытанне на гэтую тэму было толькі адно, прыводзім яго і адказ Л.Ярмошынай:

"— Вам не сорамна пастаянна хлусіць?

Георгій, Масква

— Не маю гэтай звычкі".

Усяго напярэдадні і падчас онлайн-канферэнцыі было зададзена 58 пытанняў. На 54 з іх старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына адказала онлайн, чатыры пытанні з-за няўважлівасці вэб-рэдактара "Беларускіх навінаў" не былі зададзеныя непасрэдна падчас канферэнцый. Але па выяўленні гэтай памылкі мы звязаліся з Лідзіяй Ярмошынай і атрымалі адказы на пакінутыя чатыры пытанні. Неўзабаве яны і адказы кіраўніка Цэнтравыбаркаму былі апублікаваныя на сайце, пад стэнаграмай онлайн-канферэнцыі.

Такім чынам, не адпавядае рэчаіснасці і наступнае сцвярджэнне, апублікаванае на сайце Хартыі-97: "Пытанні кіраўніку ЦВК задаваліся чытачамі досыць вострыя. Але, па зразумелых прычынах, былі апублікаваныя не ўсе з іх". Лідзія Ярмошына адказала на ўсе пытанні, дасланыя чытачамі "Беларускіх навінаў" да моманту завяршэння онлайн-канферэнцыі, у тым ліку на вострыя, няёмкія і нетактоўныя.

Выклікае шкадаванне, што супрацоўнікі сайта Хартыі-97 карыстаюцца неправеранымі крыніцамі, не даюць сабе прафесійнай працы патэлефанаваць у рэдакцыю "Беларускіх навінаў" і ўдакладніць дэталі падзеі, а ў выніку размяшчаюць у інтэрнэце ілжывую інфармацыю.

Заўвага www.charter97.org: Інфармацыя аб тым, якімі былі большасць пытанняў Лідзіі Ярмошынай падчас онлайн-канферэнцыі, была атрыманая намі ад супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Калі кіраўнік БелаПАН лічыць інакш, то мы з ім згаджаемся: Ярмошына адказала на ўсе пытанні.

Апошнія навіны