Намесніку міністра эканомікі не падабаюцца беларускія кошты
- 30.07.2008, 8:55
Намеснік міністра эканомікі, які апекуецца коштавымі пытаннямі, Уладзімір Адашкевіч заявіў, што яму не да спадобы кошты на прадукты ў беларускіх крамах, але ўсё роўна даводзіцца іх купляць.
"І дзеля працы, і для сябе я хаджу ў самыя розныя крамы. Да таго ж, езджу на рынак у Ждановічах, на "Дынама", раз на тыдзень выпраўляюся па прадукты на Камароўку. Вядома, ёсць пазіцыі, якія мяне не задавальняюць. Вось, напрыклад, я люблю свежавыціснуты грэйпрфрутавы сок. Калі раней на рынку кілаграм грэйпфрутаў можна было купіць за 4000 - 4900 рублёў, то цяпер - 6900 - 7000! Хацелася б, каб цытрусавыя былі танней.
Слаба ў нас зніжаюцца кошты на раннюю бульбу. Вось на Камароўцы 1500 - 1800 за кіло, а насамрэч мусіць быць тысяча рублёў. Але ўсё роўна даводзіцца купляць. І бульбачку, і памідоры, і агуркі…", -- зазначыў намеснік міністра эканомікі ў інтэрв'ю "КП в Беларуси".
На пытанне, чаго больш за ўсё нестае ў беларускіх крамах, Адашкевіч адказаў:
"У плане прадуктаў мяне асартымент задавальняе, а вось з адзеннем - цяжэй. Хацелася б, каб цікавей выбар быў. Скажу вам па шчырасці: я ў апошнія гады абутак купляю ў Ждановічах. Тое ж самае – працоўны гарнітур. У краме я не магу выбраць гарнітур, як мне хацелася б. А прыходжу ў Ждановічы, купляю, і мне не трэба ісці яго падганяць, штаны падкладаць. Хаця ў мяне не такія ўжо запыты: па 500 даляраў я гарнітуры не купляю. Звычайна ў межах 400 тысяч рублёў", -- адзначыў чыноўнік.
Чыноўнік таксама паведаміў, што Мінэканомікі разлічвае некалькі варыянтаў падвышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2009 годзе. Усе яны звязаныя з прагназаваным ростам коштаў на расейскі газ. "Казаць пра дакладныя лічбы я не стаў бы да таго моманту, пакуль не будуць дасягнуты пэўныя дамоўленасці наконт кошту блакітнага паліва", -- зазначыў Адашкевіч.