Радавана Караджыча даставілі ў Гаагу
- 30.07.2008, 9:04
Былы лідэр баснійскіх сербаў Радаван Караджыч дастаўлены ў Гаагу, дзе яго чакае суд па абвінавачваннях у вайсковых злачынствах.
Як паведамляе агенцтва «Рэйтэр», супрацоўнікі сербскіх спецслужбаў у масках вывелі Караджычы з будынка спецыяльнага суду ў цэнтры Белграда, дзе ён утрымоўваўся пасля арышту, і пасадзілі ў джып з таніраваным шклом каля 03:45 ночы па мясцовым часе (01:45 па Грынвічы).
Картэж з чатырох такіх джыпаў даехаў да аэрапорта сербскай сталіцы, дзе Караджыча перасадзілі ў самалёт, перадае «Бі-бі-сі».
За некалькі гадзін самалёт з сербскімі апазнавальнымі знакамі даляцеў да аэрапорта галандскага горада Ратэрдама. Самалёт адразу жа заехаў у ангар, дзе ўжо чакалі два паліцэйскіх фургона, паведаміла агенцтва «Франс прэс».
Насуперак чаканням, што падазраванага далей павязуць на верталёце, апошнія 25 кіламетраў да турмы пры Міжнародным трыбунале па былой Югаславіі (МТБЮ) у горадзе Схэвэнінген Караджыч здзейсніў на машыне.
Караджыч быў арыштаваны ў Сербіі 21 ліпеня. Ён больш за 10 год хаваўся ад Гаагскага трыбунала, які высунуў супраць яго абвінавачванні ў вайсковых злачынствах, злачынствах супраць чалавецкасці і генацыдзе падчас канфлікту ў Босніі ў пачатку 1990-х гадоў.
Галоўныя эпізоды абвінавачванняў звязаныя з разнёй тысяч баснійскіх мусульман у горадзе Срэбраніца ў 1995 годзе і шматмесячная аблога Сараева.
Адвакаты Караджыча імкнуліся да апошняга адцягнуць экстрадыцыю і дзеля гэтага адправілі апеляцыю на рашэнне сербскага суддзі аб выдачы падазраванага ў Гаагу па пошце ў апошні момант - увечары ў пятніцу.
Агенцтва «Бэта» паведамляе, што распараджэнне аб перадачы Караджыча міжнароднаму правасуддзю падпісала міністр юстыцыі Сербіі Сняжана Маловіч.
Душан Ігньятавіч, кіраўнік упраўлення ўрада Сербіі па супрацоўніцтве з МТБЮ, у аўторак сказаў, што пошта да канца дня не даставіла ў суд пакет з дакументамі на апеляцыю, аб якой казалі адвакаты і сваякі Караджыча.
"Я думаю, што апеляцыі не будзе, таму што, калі бы яе падалі, яна бы ўжо паступіла ў суд", - сказаў Ігньятавіч.
Адвакаты былога лідэра баснійскіх сербаў не хавалі, што не піталі адмысловых надзей на поспех апеляцыі, і намерваліся яе падаць толькі з мэтай затрымаць выдачу свайго падабароннага ў Гаагу.