Члены БРСМ скардзяцца, што іх абдурылі
- 31.07.2008, 8:13
Чальцы будатрада праўладавага Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі са Светлагорска, якія працуюць на парадкаванні Оршы да рэспубліканскага фэсту "Дажынкі", скардзяцца на кепскія ўмовы працы і пражывання.
Як паведаміў агенцтву БелаПАН навучэнец Светлагорскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Вадзім, які папрасіў не казаць яго прозвішча, юнакі лічаць сябе ашуканымі кіраўніцтвам гарадской арганізацыі БРСМ. Са словаў хлопца, тыдзень таму яму і яго сябрам прапанавалі паехаць у Оршу на будаўніцтва ў складзе будатрада. Юнакам, з іх словаў, абяцалі заробак ад 600 тыс. да 1 млн. рублёў і працу плітачнікамі. "Але за ўладкаванне на гэтую працу мне прапанавалі даць добраахвотны ўнёсак на развіццё арганізацыі БРСМ - 24 тыс. рублёў і падпісацца на газету "Знамя юности", што я і зрабіў, бо хацеў зарабіць улетку грошай", - удакладніў Вадзім.
"Але ў Оршы выявілася, што працаваць будзем не плітачнікамі, а бетоншчыкамі. Пагадзіліся. Але ў выніку і бетоншчыкамі мы не працуем, а рыем канавы рыдлёўкамі і кладзем арматуру", - распавёў юнак. Незадаволенымі засталіся хлопцы і ўмовамі пражывання. Са словаў Вадзіма, начуюць яны ў класным пакоі школы - 16 чалавек у адным памяшканні, душа там няма, мыцца даводзіцца ў прыбіральні. Ёсць нараканні ў маладзёнаў і на якасць харчу і няпоўную выплату выпраўных.
Першы сакратар Светлагорскага гарадскога камітэта ГА "БРСМ" Руслан Бандарчук заявіў, што з боку грамадскай арганізацыі ніякага падману юнакоў не было. "З шасці хлапцоў, якіх мы туды скіравалі, толькі двое нармалёва працуюць і ўсім задаволеныя. Астатнія – каламуцяць ваду. Хлопцы былі згодныя на тыя пяцьсот тысяч, якія ім абяцалі, пра мільён і не вялося", - адзначыў Р.Бандарчук.
Са словаў першага сакратара, з хлопцамі спярша дамаўляліся наконт працы па кладцы тратуарнай пліткі, бардзюрнага каменя і дадатковых земляных працаў. "Дакладна на кладку пліткі мы іх не арыентавалі. Падману ці няпоўнай інфармацыі не было. Мы хлапцам казалі, што заробак будзе ад 500 тысяч, пражыванне задарма, харч - 7 тыс. на суткі, якія будуць адымаць з заробку. Двое хлапцоў, якія працуюць, усім задаволеныя, і харчам таксама. Іншыя - несур'ёзныя людзі", - лічыць Р.Бандарчук.