КДБ праводзіць ператрус у кватэры Ніны Шыдлоўскай
- 8.07.2008, 13:02
У гэты момант адбываецца ператрус у кватэры адной з кіраўнічак Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" Ніны Шыдлоўскай.
Ператрус пачаўся ў адсутнасць самой гаспадыні. Дзверы кватэры з патрабавання прадстаўнікоў КДБ адчынілі сваякі. Пра гэта паведамляе community.livejournal.com/minsk_by.
Нагадаем, падчас апошняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Ніна Шыдлоўская таксама была прэсавай сакаратаркай экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта палітвязьня Аляксандра Казуліна.
“Мне патлумачылі, што ператрус праводзяць на падставе пастановы ў сувязі з завядзеньнем справы паводле выбуху ў ноч на 4-ае ліпеня. У гэтай кватэры жывем мы з мужам і ягоныя бацькі. Ператрус ужо праведзены, зараз мы чакаем прыезду майго мужа. Пасьля гэтага нас азнаёмяць з пратаколам і стане вядома пра тое, што забяруць з кватэры”, - паведаміла Ніна Шыдлоўская ў інтэрвію "Радыё Свабода".
- А як вам патлумачылі, якое вы маеце да гэтага дачыненьне?
- Казалі, што, магчыма, могуць знайсьці нейкія рэчы ці яшчэ нешта, што наўпрост ці ўскосна можа быць зьвязана з выбухам.
- Гэта менавіта ваша асоба іх зацікавіла, ці вашага мужа, ці вашы бацькі?
- У пратаколе стаіць прозьвішча майго мужа, Міраслава Лазоўскага.
- А чым займаецца ваш муж?
- Працуе ў камэрцыйнай фірме інжынэрам па забяспячэньні.
- Ці меў ён калі адносіны да выбуховых рэчываў ці выбуховых прыстасаваньняў? Ці ягоныя бацькі?
- Ён ніякага і ніколі. Яны таксама. Прабачце, але мяне просяць спыніць размову. Да пабачэньня.