Шэйман і Нявыглас адпраўленыя ў адстаўку
- 8.07.2008, 14:43
Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад займаных пасадаў дзяржсакратара Савбяса Віктара Шэймана і кірўзніка сваёй адміністрацыі Генадзя Нявыгласа.
8 ліпеня беларускі кіраўнік падпісаў указы аб вызваленні Віктара Шэймана ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі і аб вызваленні Генадзя Нявыгласа ад пасады кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.
Пры гэтым паведамляецца, што і Шэйман, і Нявыглас вызваленыя ад пасады «у сувязі з пераводам на іншую працу».
Нагадаем, напярэдадні на нарадзе з кіраўнікамі сілавых ведамстваў аб ходзе расследавання выбуху 4 чэрвеня ў Менску, Лукашэнка раскрытыкаваў Дзяржсакратара Савбяса. "Не думаю, Віктар Уладзіміравіч, што вы павінныя застацца на гэтай пасадзе пасля інцыдэнту. Вы вінаватыя перадусім", - сказаў А.Лукашэнка.
У ноч з 3 на 4 ліпеня ў цэнтры Менска ў стэлы "Менск - горад- герой" падчас святочнага канцэрту па выпадку афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі спрацавала самаробная выбухная прылада. У выніку выбуху пацярпелі каля 50 чалавек, 46 накіраваныя ў лякарні, у тым ліку грамадзяне Расеі і Ўкраіны. На дадзены момант у медустановах Менска знаходзіцца 40 чалавек.
Праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальную справу па ч. 3 арт. 339 "Хуліганства". Прыблізна за гадзіну да выбуху супрацоўнікамі міліцыі была выяўленая яшчэ адна выбухная прылада. Праз некаторы час пасля выбуху ў пакеце з-пад соку была выяўленая і трэцяя выбухная прылада.
Дарэчы, у верасні 2005 у Віцебску былі два выбухі, у выніку спрацоўвання самаробнай выбухной прылады тады пацярпелі больш за 40 чалавек. 29 з іх былі дастаўленыя ў лякарні, шасцярым - зробленыя аперацыі.
Па факце тых выбухаў таксама была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкулах "Хуліганства" і "Замах на забойства" Крымінальнага кодэкса Беларусі. Але вінаватыя не былі знойдзеныя.