«Нафтан-Палімір» дастанецца расейскаму «Лукойлу»?
- 1.08.2008, 16:39
Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімір Сямашка лічыць, што расейская кампанія "Лукойл" можа стаць добрым інвестарам для комплексу "Нафтан-Палімір".
"Не сакрэт, па комплексе "Нафтан-Палімір" вядуцца перамовы і з "Лукойлам", і з "Раснафтай", - заявіў ён на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Пры гэтым, перадае «Інтэрфакс», па словах першага віцэ-прэм'ера, важным патрабаваннем да інвестара з'яўляецца наяўнасць у яго магчымасцяў для збыту прадукцыі. "Інвестар павінен мець рынкі збыту гэтай прадукцыі. Напрыклад, "Лукойл" можа быць выдатным партнёрам, ён мае сістэмы збыту, сістэму заправак", - сказаў У.Сямашка.
Ён падкрэсліў, што інвестар таксама павінен мець сыравіну для 100- адсоткавай загрузкі прадпрыемства. "Расейскія нафтавыя кампаніі, напэўна, маюць тут прыярытэты", - адзначыў У.Сямашка.
Ён таксама дадаў, што інвестар таксама павінен мець сродкі не толькі набыць кантрольны пакет, але і мець сродкі для інвеставання ў развіццё прадпрыемства. У гэтай сувязі першы віцэ-прэм'ер канстатаваў, што Беларусь прытрымліваецца прынцыпу заключння з інвестарам дамовы, у якой будзе прапісана, як будзе развівацца прадпрыемства. Ён падкрэсліў, што "калі ўмовы не будуць выконвацца, гэта значыць меры стрымлівання, каб абумоўленыя ўмовы выконваліся".
"Фінансы, рэсурсы, збыт - калі гэтыя тры кампаненты мае інвестар, мы яго прывітаем і гатовыя падпісаць любую дамову", - дадаў першы віцэ-прэм'ер.
Ён адзначыў, што для захавання тэмпаў росту ВУП Беларусі патрэбныя замежныя інвестыцыі. Аднак У.Сямашка падкрэсліў, што Беларусь будзе ўзвешана падыходзіць да прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Працягваючы гутарку аб прадпрыемствах "Белнафтахіма", ён заўважыў, што раней за кантрольны пакет ААТ "Белшына" прапаноўвалі каля $50 млн, а цяпер яго кошт перавышае мільярд.
Як раней паведамлялася, працэдура аб'яднання актываў ААТ "Нафтан" і ААТ "Палімір" павінная быць скончаная да канца 2008 года. Да канца года канцэрн "Белнафтахім" плануе занесці ва ўрад прапановы па прыватызацыі ААТ "Нафтан" і ААТ "Палімір" адзіным гаспадарчым комплексам. Аб гатовасці ўдзельнічаць у прыватызацыі на такіх умовах заявілі два патэнцыйных інвестара. Мяркуецца, што доля інвестара будзе парытэтнай з дзярждоляў.