Джон Маккейн патрабуе правядзення экстраных паседжанняў «Вялікай Сямёркі» і НАТА (Відэа)
- 11.08.2008, 21:05
Кандыдат на пост прэзідэнта ЗША, сенатар-рэспубліканец Джон Маккейн, патрабуе экстранага паседжання «Вялікай Сямёркі» для абмеркавання расейска-грузінскага канфлікту.
Ён таксама лічыць, што НАТА павінна склікаць экстраную нараду і запатрабаваць спынення агню.
Маккейн звярнуў увагу на тое, што "народ Грузіі вельмі шмат чаго дамогся з пункту гледжання дэмакратычнага кіравання – усё гэта робіць расейскія акцыі супраць грузінаў небяспечнымі. Ва ўмовах расейскай агрэсыі само існаванне незалежнай Грузіі і ейнага дэмакратычна абранага ўрада пастаўлена на карту," - менавіта так заявіў Маккейн у інтэрв'ю выданню "Вол-Стрыт Джорнал".
Па сцвярджэннях МЗС Грузіі, расейскія войскі прасунуліся на 40 кіламетраў ад мяжы Абхазіі і Грузіі ўглыб краіны. Вайскоўцы РФ на бронетранспарцёрах занялі горад Сенакі, Зугдзідзі і, па некаторых дадзеных, Горы.
Расейскія вайскоўцы пацвердзілі факт вядзення "прэвентыўных дзеянняў" у раёне Сенакі, аднак заявілі, што войскі толькі падышлі да гораду, паведамляе Reuters.
"Расейскія міратворцы і далучаныя да іх вайсковыя падпадзяленні праводзяць мерапрыемствы з мэтай недапушчэння абстрэлаў Паўднёвай Асеціі і расейскіх міратворцаў грузінскай артылерыяй, недапушчэння перагрупоўкі грузінскіх вайсковых сілаў і сродкаў з мэтай ажыццяўлення імі новай агрэсыі ў дачыненні да Паўднёвай Асеціі", - заявілі прадстаўнікі вайсковага камандавання. Гэтую інфармацыю прыводзіць РИА Новости.
"Інтэрфакс" удакладняе, што, па словах відавочнікаў, у Зугдзіді, а таксама шэрагу іншых раёнаў заходняй Грузіі не засталося прадстаўнікоў сілавых структураў Грузіі. Спасылаючыся на відавочнікаў, агенцтва паведамляе, што з найбольш блізкіх раёнаў з'ехала вялікая частка насельніцтва. "Цалкам пакінутыя грузінскія сёлы на мяжы з Абхазіяй. Расейскія міратворцы працягваюць рухацца ўглыб Заходняй Грузіі, практычна не сустракаючы ніякага супраціву", - паведамляе агенцтва.
Дзяржміністр Грузіі па пытаннях рэінтэграцыі Цямур Якабашвілі сцвярджае, што расейскія войскі ўвайшлі ў горад Зугдзідзі і цалкам яго кантралююць.
Раней расейскае ваеннае камандаванне неаднакроць сцвярджала, што расейскія войскі ня будуць уводзіцца на дэ-факта тэрыторыю Грузіі.