Расейскія танкі ўвайшлі ў Горы насуперак дамоўленасцям?
- 13.08.2008, 11:33
Расейскія танкі ўвайшлі ў грузінскі горад Горы насуперак дасягнутым дамоўленасцям аб спыненні вайсковых дзеянняў, паведамляе ўкраінскі 5-й канал.
Таксама, па інфармацыі мясцовых журналістаў, расейскія вайскоўцы затрымалі ў Горы журналістаў з Турцыі, у якіх адабралі камеры і адзнятыя матэрыялы. З гэтымі журналістамі цяпер няма звязі.
Акрамя таго, па паведамленні АР, з спасылкай на сакратара Рады нацыянальнай бяспекі Грузіі Аляксандра Ламая, колькасць танкаў складае 50 штук.
У той жа час, прадстаўнік камандавання расейскіх міратворцаў заявіў РИА " Новости ", што заява Ламаі не адпавядае рэчаіснасці. "Расейскіх міратворцаў або далучаных да іх войскаў і частак у грузінскім горадзе Горы няма".
Раней паведамлялася, што 13 чалавек загінулі ў выніку інцыдэнту на выездзе з Горы раніцай 12 жніўня, калі расейская авіяцыя нанесла ўдар па Горы.
Нагадаем, што па дадзеных ААН больш за 80% насельніцтва разбамбаванага Горы пакінула горад. Акрамя Горы былі пакінутымі і іншыя грузінскія гарады, якія бамбаваліся.
Паведамлялася, што прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў прыняў рашэнне спыніць вайсковую аперацыю ў Грузіі.