Расейскія танкі ідуць на Тбілісі? (Відэа, мапа)
- 13.08.2008, 15:53
Агенцтва «Франс Прэс» паведамляе, што калона з 60 адзінак расейскай бронетэхнікі, у складзе якой танкі, бронетранспарцёры і грузавікі, была заўважаная ў 10 кіламетрах ад Горы і рухалася ў напрамку Тбілісі.
Па звестках AFP, расейскія салдаты, якія рухаліся ў складзе калоны, размахвалі расейскімі сцягамі і выкрыквалі: "Тбілісі! Тбілісі!"
Адзначым, што пацверджання інфармацыі аб руху танкаў у бок Тбілісі з іншых крыніц не паступала. Аб руху расейскіх танкаў паведамлялася ў інфармацыйным выпуску на CNN, аднак амерыканскія журналісты высылаліся менавіта на калегаў з AFP.
У той жа час, у Мінабароны РФ катэгарычна аспрэчылі паведамленні некаторых СМІ аб тым, што калона расейскай бронетэхнікі нібыта выйшла з Горы ў напрамку Тбілісі, паведамляе «Эхо Москвы».
Раней памочнік дзяржсакратара ЗША Мэцью Брайза заявіў, што гвалт каля зоны канфлікту працягваецца.
Да таго Грузінскі нацыянальны камітэт Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі заявіў, што ў грузінскіх паселішчах Цхінвальскага рэгіёна, "пры папушчальніцтве так званых расейскіх міратворчых сіл, асяцінскія марадзёры паляць хаты, вывозяць маёмасць, збіваюць да смерці пакінутых у паселішчах старых".
"Цяпер гэта адбываецца ў Тквіаві, гарыць Дзісеві, цалкам разбураны Нікозі, пачалася зачыстка Горы", - гаворыцца ў заяве.
Акрамя таго, камітэт запэўнівае, што ў дадзеныя сёлы не дапушчаюцца прадстаўнікі Чырвонага Крыжа.
Раней паведамлялася, што ў 170 аб'ектах у Грузіі размешчана каля 16 тысяч уцекачоў, якія пакінулі хаты ў выніку апошніх падзей у краіне.
ААН заявіла, што каля ста тысяч чалавек пакінулі свае хаты ў пошуках новага бяспечнага прыстанку ў выніку канфлікту ў Грузіі.
Нагадаем, што 12 жніўня прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядведзеў прыняў рашэнне спыніць ваенную аперацыю ў Грузіі.
12 жніўня прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі прывёз у Тбілісі план урэгулявання канфлікту, які быў узгоднены ў Маскве на перамовах з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядведзевым.
Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ў цэлым прыняў умовы спынення агню ў зоне грузіна-асяцінскага канфлікту і падпісваецца пад дакументам, узгодненым у аўторак, 12 жніўня, паміж расейскім і французскім лідэрамі. Аб гэтым стала вядома ў ноч на сераду.