Тбілісі вінаваціць Расею ў парушэнні ўмоваў спынення агню
- 13.08.2008, 16:11
Афіцыйны Тбілісі вінаваціць Расею ў парушэнні ўмоваў перамір'я, якое было заключанае менш за суткі таму - з мэтай спыніць узброенае супрацьстаянне вакол сепаратысцкай Паўднёвай Асеціі.
Рада бяспекі Грузіі паведамляе, што прыкладна 50 расейскіх танкаў і бронетранспарцёраў знаходзяцца на вуліцах Горы - грузінскага горада, размешчанага паўднёвей адміністрацыйнай мяжы Паўднёвай Асеціі, паведамляе Руская служба радыё «Свабода».
Паступаюць паведамленні, што калона расейскіх танкаў і бронетранспарцёраў у сераду раніцай выйшла з Горы і пачала рух на поўдзень. У прыватнасці, аб гэтым паведамляе агенцтва AFP.
Намеснік начальніка Генштаба расейскіх узброеных сіл генерал Анатоль Нагавіцын сцвярджае, што расейскіх танкаў у Горы няма.
Грузінскі бок паведамляе таксама аб фактах марадзёрства ў Гары.
Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў сёння на прэс-канферэнцыі, што расейскія войскі выйдуць з Грузіі толькі пасля вяртання грузінскіх войскаў у свае казармы.
Дамова аб спыненні агню была дасягнута ў аўторак пасля паасобных перамоў Нікаля Сарказі - прэзідэнта Францыі, старшынявальнай у Еўразвязе, з расейскімі і грузінскімі лідэрамі.