BE RU EN

Улады Беларусі забаранілі дзецям ездзіць у ЗША

  • 14.08.2008, 16:41

Беларусь спыняе аздараўленьне дзяцей у Злучаных Штатах. Пра гэта заявіў начальнік дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Аляксандар Каляда.

“Мы прыпыняем праграмы аздараўленьня дзяцей на тэрыторыі ЗША ў сувязі з сытуацыяй вакол непаўналетняй грамадзянкай Беларусі Тацяны Казыры, якая не вярнулася ў Беларусь” -- заявіў чыноўнік.

Ён патлумачыў, што праграмы прыпыненыя, пакуль не будзе падпісанае двухбаковае пагадненьне пра аздараўленьне, перадае Інтэрфакс.

“Каб выключыць такія выпадкі, як з Тацянай Казырай у будучыні беларускі бок прапануе заключыць з ЗША міжурадавае пагадненьне пра ўмовы аздараўленьня непаўналетніх дзяцей. Праект дамовы будзе накіраваны амэрыканскаму боку найбліжэйшым часам”, -- заявіў А.Каляда.

16-гадовая жыхарка Барысава Тацяна Казыра адмовілася вяртацца ў Беларусь, пасьля таго, як прайшла аздараўленьне ў горадзе Пэталума, штат Каліфорнія.

Цяпер у ЗША знаходзіцца на аздараўленьні некалькі групаў беларускіх дзяцей, апошняя зь якіх павінна вярнуцца ў Беларусь 23 жніўня.

Апошнія навіны