Міхаіл Саакашвілі: «Цхінвалі разбамбавала расейская авіяцыя»
- 15.08.2008, 9:14
Цхінвалі быў знішчаным расейскай авіяцыяй ужо пасля таго, як туды ўвайшлі расейскія жаўнеры. Аб гэтым у інтэрв'ю "Камерсанту" заявіў прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.
"Было скінута столькі бомбаў, што гораду зараз проста няма. Расея хітрыкамі пераўтварыла яго ў другі Грозны, чым яшчэ раз прадэманстравала сваё стаўленне да асяцінскага народу ды і да астатняга свету", - заявіў грузінскі лідэр.
Саакашвілі таксама аспрэчыў паведамленні расейскага боку аб тым, што ў Паўднёвай Асеціі загінула да двух тысячаў мірных жыхароў. "Там двух тысячаў чалавек навогул не было. Калі хто і заставаўся ў Цхінвалі, то адзінае, ад чаго ён мог загінуць, — гэта ад расейскай авіяцыі", - заявіў ён.
Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch таксама лічыць, што ўлады Расеі і Паўднёвай Асеціі на парадак завысілі лік загінулых і пацярпелых у зоне канфлікту мірных жыхароў і вайскоўцаў. Як заявіла ў эфіры "Эхо Москвы", дырэктар маскоўскага прадстаўніцтва HRW Анна Нейстат, лік параненых у выніку баявых дзеянняў у Цхінвалі з 8 па 10 жніўня вылічаецца дзясяткамі. Па ейным словам, праваабаронцы маюць дадзеныя аб 50-60 загінулых, з іх палова - мірныя жыхары.
Паміж тым, па меркаванні праваабаронцаў, перабольшаныя таксама дадзеныя аб разбурэннях у Цхінвалі. "Казаць аб тым, што Цхінвалі сцёрты з твару зямлі, нельга. Паўднёвая і цэнтральная часткі горада сапраўды моцна пашкоджаныя, але пры гэтым ёсць раёны, якія практычна не пацярпелі", - сказала Нейстат.