Ангела Меркель: Грузія і Ўкраіна стануць сябрамі НАТА
- 15.08.2008, 16:16
Акрамя спынення агню, неабходна думаць аб новым фармаце ўрэгулявання канфлікту, заявіла 15 жніўня федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель пасля завяршэння сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядведзевым.
"Акрамя спынення агню, неабходна думаць аб новым фармаце ўрэгулявання канфлікту, нельга чакаць яшчэ 15 гадоў пакуль ён будзе ўрэгуляваны", - заявіла Меркель. Па яе словах, МЗС Германіі актыўна працуе ў гэтым напрамку, перадае «Інтэрфакс».
Ангела Меркель выказала занепакоенасць у сувязі з падзеямі, што адбываюцца ў Грузіі, але адзначыла, што неабходна думаць і аб прычынах, якія заахвоцілі Расею ўвесці войскі.
Меркель заявіла, што лічыць дзеянні Расеі ў стаўленні Грузіі непрапарцыйнымі.
"Нават калі ўлічваць апісанне Расеяй сітуацыі, я ўсё роўна сказала, што лічыла рэакцыю Расеі непрапарцыйнай", - сказала Меркель.
Акрамя таго, канцлер адзначыла, што Грузія і Ўкраіна захоўваюць курс на збліжэнне з НАТА.
"Тое, што датычна Бухарэсту і дамоўленасцяў, дасягнутых там, яны працягваюць дзейнічаць, у мяне няма ніякай падставы пераглядаць гэта. Мы тады казалі, што Грузія і Ўкраіна стануць сябрамі НАТА", - сказала Меркель на прэс-канферэнцыі.
Яна дадала, што праграма Партнёрства для міру - "гэта наступны крок". "Мы казалі, што яны (Украіна і Грузія) будуць сябрамі НАТА... калі гэтага захочуць... Гэты пастулат застаецца сапраўдным", - падагульніла канцлер Германіі.