«The Times»: Пуцін асабіста загадаў страляць па грамадзянах Грузіі
- 18.08.2008, 14:18
Брытанская газета «The Times» піша, што расейскі прэм'ер-міністр Уладзімір Пуцін аддаў загад страляць па грамадзянах Грузіі, якія адмаўляюцца пакідаць свае дамы ў паўднёваасяцінскіх сёлах.
Газета спасылаецца на жыхарку Паўднёвай Асеціі Манану Дзіяшвілі, якой разам з суседзямі прыйшлося з'ехаць са сваіх дамоў у этнічным паўднёваасяцінскім сяле Курта і пасяліцца ў паўразбураным дзіцячым садку, вокны якога былі выбітыя падчас бамбаванняў.
Па словах жанчыны, салдаты заявілі ёй і ейнай сям'і: "Пуцін сказаў, што ўсе (грузіны) павінныя быць альбо забітыя, альбо выцесненыя (з тэрыторыі Паўднёвай Асеціі). Яны раілі нам звярнуцца за дапамогай да амерыканцаў і пагражалі забіць нас, калі мы застанемся".
79-гадовая Вардо Бабуцідзэ заявіла, што паўднёваасяцінскі вайсковец двойчы стрэліў у грудзі ейнага 85-гадовага мужа Рыгора, калі прыйшоў патрабаваць зброю. "У нас не было зброі, але салдат стрэліў у Рыгора, не сказаўшы ні словы, - распавяла жанчына, - сусед дапамог мне пахаваць мужа ў садзе, і я пакінула хату".
53-гадовая Манана Галігашвілі заявіла, што была змушаная разам з мужам з'ехаць з дома пасля таго, як асяцінскія салдаты прыйшлі і пагражалі перарэзаць ім горла. Пазней, сцвярджае жанчына, вайскоўцы вярнуліся і падпалілі будынак.
«The Times» сцвярджае, што расейскае войска значна прасунулася на тэрыторыі Грузіі, нягледзячы на дамову аб спыненні агню і вывадзе войскаў, падпісанае расейскім прэзідэнтам Дзмітрыем Мядведзевым.
Расейскія войскі базуюцца ў 40 км ад сталіцы Грузіі Тбілісі, дзе ставяць блокпосты на дарогах і займаюць ключавыя вышыні. Калону расейскіх танкаў нібыта бачылі побач з вёскай Каспі праз дзень пасля таго, як вайскоўцы РФ падарвалі чыгунку, вядучую са сталіцы Грузіі ў порт Поці. Па дадзеных відавочцаў, бронетэхніка накіроўвалася ў Тбілісі.
Раней прадстаўнікі Пентагона сцвярджалі, што Расея канцэнтруе свае войскі ў зоне грузіна-паўднёваасяцінскага канфлікту. Па дадзеных Пентагона, Расея размясціла на тэрыторыі Паўднёвай Асеціі некалькі аператыўна-тактычных ракетных комплексаў "Кропка" (па заходняй класіфікацыі - SS-21) і перадыслакавала частку воінскіх падпадзяленняў на бліжэйшыя да зоны канфлікту вайсковыя базы.